Варшава-Менск: адліга ў стасунках
Далейшае развіццё афіцыйных стасункаў паміж Менскам і Варшавай. Так, у Варшаву запрошаны спікер Савета Рэспублікі РБ Міхаіл Мясніковіч. Цяпер ідзе ўзгадненне гэтага візіту.
У той жа час у красавіку ў Беларусь з афіцыйным візітам прыедуць чальцы польска-беларускай супольнай парламенцкай групы. Абмяркоўваецца ідэя сумеснага правядзення Форуму рэгіёнаў. Пра гэта раней нашаму радыё паведаміў Надзвычайны і паўнамоцны пасол РБ у Польшчы – Аляксандр Авяр’янаў.
Усё гэта сведчыць пра далейшае развіццё афіцыйных стасункаў паміж Менскам і Варшавай. Гэта пачалі адчуваць і прадстаўнікі польскага бізнесу. Пры гэтым, як кажа старшыня Падляшскага клуба бізнесу ў Беластоку Рышард Івашкевіч, бізнесоўцы чакаюць далейшых зменаў найперш у візавых пытаннях:
– Так, ужо наступае адліга ў стасунках. Гэтыя стасункі – паляпшаюцца, як з польскага, так і з беларускага боку. Мы разлічваем на тое, што будзе адкрыта большая колькасць памежных пунктаў пропуску. Таксама мы разлічваем на скасаванне візаў, прынамсі для ўсіх польска-беларускіх памежных пераходаў, як гэта цяпер дзейнічае ў рэгіёне каналу Аўгустоўскага, або ў Белавежскай пушчы.
Паводле апошняй інфармацыі, за першы тыдзень бязвізавага пяцідзённага рэжыму Беларусь наведала больш за 1 100 замежнікаў. Пераважная іх большасць – гэта грамадзяне Нямеччыны і Польшчы, якія скарысталіся бязвізавым рухам праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. Таксама пяцідзённы бязвізавы рух ахоплівае рэгіён Аўгустоўскага канала і Гародню пры перасячэнні граніцы праз вызначаныя аўтамабільныя пункты пропуску.
Ужо больш за паўтара гады дзейнічае бязвізавы рух у беларускай частцы Белавежскай пушчы, а з траўня бягучага года такі ж рух распачнецца на Аўгустоўскім канале ў пункце пропуску Рудаўка-Лясная.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя