Варшава павялічвае колькасць Войска Польскага
Мінабароны Польшчы такі крок тлумачыць «неспакойнай геапалітычная сітуацыяй у рэгіёне».
Стварэнне Войск тэрытарыяльнай абароны (ВТА) не паўплывае нэгатыўным чынам на працэс мадэрнізацыі Войска Польскага, паведаміў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч. Такім чынам кіраўнік ведамства пракаментаваў інфармацыю пра тое, што стварэнне новага рода войск можа перашкодзіць у рэфармаванні арміі краіны. Мацярэвіч зазначыў, што мадэрнізацыя Войска Польскага адбываецца паводле іншай праграмы і з іншага бюджэту.
Камандуючы Войск тэрытарыяльнай абароны палкоўнік Веслаў Кукула сказаў, што новы род войск уяўляе сабой «лёгкую пяхоту». Паводле яго, амаль уся тэхніка і ўзбраенне ВТА будзе польскай вытворчасці.
Да 2019 года на стварэнне, узбраенне і тэхніку ВТА будзе выдаткавана 3,6 млрд злотых (амаль 822 млн еўра). Да канца бягучага года ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы будуць створаныя тры брыгады тэрытарыяльнай абароны: па адной у Падляшскім, Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах. Акрамя таго, па адным батальёне будзе ў гарадах Седльцэ, Беласток, Люблін і Жэшаў. Да канца бягучага году ў ВТА будзе служыць каля 3 тыс. жаўнераў і афіцэраў, да канца 2017-га – 18 тыс., а ў канцы 2019-га – 53 тыс. Раней планавалася, што новы род войск будзе налічваць 35 тыс. чалавек. Нагадаем, колькасць Войска Польскага на сённяшні дзень складае каля 100 тыс. чалавек.
ВТА ствараюцца для рэагавання «у крызісных сітуацыях, для барацьбы з дыверсантамі, для антытэрарыстычных і антыдэзінфармацыйных дзеянняў». Паводле Мінабароны Польшчы, тэрытарыяльная абарона ствараецца з-за «неспакойнай геапалітычная сітуацыі ў рэгіёне».
У мірны час жаўнеры і афіцэры ВТА будуць весці нармальнае грамадзянскае жыццё, аднак павінны заўсёды быць гатовымі прыбыць у вызначаны час і месца. Перыядычна яны будуць прымаць удзел у вучэннях. За гэтак званую гатоўнасць жаўнер штомесяц будзе атрымліваць ад дзяржавы 500 злотых (прыкладна 500 еўра).