Варшава спадзяецца на ажыўленне адносін ЕЗ і Беларусі
Міністр замежных спраў Польшчы выступіў у Сейме. Вітальд Вашчыкоўскі акрэсліў прыярытэты польскай знешняй палітыкі на 2016 год. Сярод іншага была нададзена ўвага дачыненням з Беларуссю.
Міністр зазначыў, што Польшча спадзяецца на дыялог з афіцыйным Менскам:
– З надзеяй глядзім на ажыўленне адносін Еўразвяз-Беларусь. Польская дыпламатыя не збіраецца ўмешвацца ў палітыку якой-кольвек краіны. Чакаем аднак, асабліва ад суседзяў, выканання правоў, прадугледжаных законам і міжнароднымі арганізацыямі. Вызваленне палітычных вязняў беларускімі ўладамі – гэта крок у добрым кірунку да павагі міжнародных стандартаў. Калі мы хочам ісці далей гэтай дарогай, то будуць патрэбныя чарговыя супольныя дзеянні.
Кіраўнік польскай дыпламатыі акрэсліў праблемы, якія вынікаюць з адсутнасці малога памежнага руху з Беларуссю, а таксама дадаў, што польская меншасць будзе прыярытэтным пытаннем. Таксама Вітальд Вашчыкоўскі выказаў спадзяванне, што паразмаўляе пра гэтыя справы ў Менску:
– Мы спадзяемся на актывізацыю супрацы ў галіне інфраструктуры, у тым ліку адносна памежных пераходаў і спрашчэння памежнага руху, асабліва праз увядзенне дамовы пра малы памежны рух. Адначасова мы маем свядомасць, што ў дыялогу з Менскам не пазбегнем цяжкіх пытанняў. Праблема польскай меншасці ў Беларусі застанецца на парадку дня. Спадзяюся, што гэтыя справы хутка абмяркую ў Менску.
Таксама міністр дадаў, што Польшча будзе падтрымліваць усялякую супрацу Еўропы з Беларуссю, але разам з тым захавае індывідуальны падыход да нашай краіны.
Міністр замежных спраў таксама заявіў, што Варшава гатова размаўляць з Масквой па пэўных пытаннях. Тым ні менш, Польшча чакае ад Расеі канкрэтных жэстаў, а менавіта – вяртання абломкаў прэзідэнцкага самалёта Леха Качыньскага і адкрыцця ўсіх архіваў пра злачынствы сталіністаў супраць польскіх афіцэраў:
– У адносінах з Расейскай Федэрацыяй мы імкнемся да выраўнання адносін, калі будуць брацца пад увагі нашы інтарэсы і чаканні. Узаемны давер, які патрэбны ў дачыненнях паміж дзяржавамі, будуецца праз канкрэтныя жэсты. З польскага пункту гледжання такімі жэстамі могуць быць: сумленнае супрацоўніцтва ў высвятленні прычын Смаленскай катастрофы, вяртанне абломкаў прэзідэнцкага самалёта, а таксама канчатковае рассакрэчванне архіваў датычных да расстрэлаў польскіх афіцэраў.
Вашчыкоўскі зазначыў, што Польшча не будзе супраць узнікнення Рады “Расея-НАТА”, калі адной з тэмаў яе пасяджэнняў будзе крымскае пытанне і вайна ва Усходняй Украіне.
Таксама міністр адзначыў, што Расея хоча сілай вярнуць некаторыя краіны ў сваю сферу ўплыву, сведчаннем чаго з’яўляецца анексія Крыма і развязаная ёй вайна:
– Расея намагаецца пашырыць уласную сферу ўплыву і затармазіць дэмакратычную трансфармацыю тых краін Усходняй Еўропы, якія імкнуцца да збліжэння з Захадам. Асновай нашай палітыкі будзе вяршэнства міжнароднага права над брутальнай сілай, над ідэйнай канцэпцыяй вялікіх дзяржаў дзелячых свет на сферы ўплываў насуперак волі грамадстваў.
Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсліў важнасць узмацнення ўсходніх межаў НАТА, дадаючы, што дзверы ваеннага блока павінны быць адчыненымі для новых краін. Міністр падкрэсліў, што Польшча будзе дапамагаць Украіне ў здзяйсненні рэформаў, а таксама будзе выступаць за скасаванне віз для ўкраінскіх грамадзян.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя