Варыянт Рамановіча



Ва ўмовах «выбараў 2020» некаторыя грамадзяне яшчэ не вызначыліся з тым, удзельнічаць у байкоце, бо «выбары ўжо прайшлі», альбо прыняць удзел у выбарах. І, як заклікае Ціханоўская, «легітымізаваць выбары» дзявятага жніўня.

Удзельнік групы па зборы подпісаў за Цапкалу і Бабарыку гарадзенец Ануфры Рамановіч мяркуе, што павінен быць алгарытм удзелу ў асноўны дзень выбараў у галасаванні, а таксама механізм кантролю галасоў, як і адстойвання іх.

– Было б добра, каб усе, хто прагаласаваў супраць Лукашэнкі, сабраліся дзесьці пасля 18 гадзін на пляцоўцы перад выбарчым участкам. І калі старшыня выбарчага ўчастка і чальцы  выбарчай камісіі ўбачаць, што прыйшло на выбарчы ўчастак 1000-1500, а можа і 2000 выбарцаў, гэта ж пяць крокаў трэба ступіць да выбарчага ўчастка, яны не адважацца фальсіфікаваць.

Ануфры Рамановіч мяркуе, што Святлана Ціханоўская пераможа ў выбарах. Але выбарцам важна атрымаць копіі пратаколаў з усіх участкаў, увечары пасля выбараў, каб мець магчымасць самым пераканацца, што іх галасы не скралі.

Кажа Ануфры Рамановіч:

– Цяпер шмат кажуць, што прыйдзе шмат ваенных і яны штосьці могуць зрабіць – перашкодзіць, арыштаваць і так далей. Найперш гэтага не трэба баяцца і тым жа ваенным, таму што прэзідэнт будзе ўжо не Лукашэнка. Не адыме зоркі, не знізіць у званні. А 9 чысла апоўначы ўжо прэзідэнтам будзе Святлана Ціханоўская. Гэта адно. Трэба ўлічваць, калі мы аб’яднаем і міліцыю, і армію, то армія не пойдзе супраць народа.

На думку Ануфрыя Рамановіча, сілавікі паслухаюцца новага галоўнакамандуючага дзявятага жніўня і не пойдуць супраць народа.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя