Вас хочуць уцягнуць у вайну супраць свайго народа
«Сёння вас хочуць уцягнуць ў вайну супраць свайго народа.У Лукашэнкі ўжо не хапае рэсурсаў, каб трымацца за ўладу, таму ён прыцягвае сілу арміі і дасведчаных вайскоўцаў. Нельга дапусціць, каб вайскоўцаў выкарысталі ў тэроры супраць свайго народа», – Святлана Ціханоўская і Павел Латушка запісалі відэазварот да арміі і ўсіх вайскоўцаў:
– Мы ведаем, што некаторыя з вас ужо адмаўляюцца служыць гэтаму рэжыму, а некаторыя думаюць і пра тое, каб пакінуць службу. Мы заклікаем вас да аднаго – стрымаць клятву беларускаму народу і дапамагчы ў барацьбе з дыктатарам. Не выконвайце злачынных загадаў, не дапусціце рэпрэсій, забойстваў і беззаконня. Зыход Лукашэнкі непазбежны, але вы можаце гэта паскорыць. Калі ён сыдзе сёння, то ўжо заўтра ў Беларусі наступіць мір, а Расея і Еўропа будуць працаваць з новым прэзідэнтам. Пры новым урадзе за вамі захаваецца павага, рабочыя месцы, павысіцца аплата працы і прэстыж прафесіі. Ведайце, што мы працуем разам, фармуем структуры і антыкрызісныя планы, каб разам з народам ісці да вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
– Вы з’яўляецеся той магутнай трэцяй сілай, якая вызначыць, ці падтрымаеце дыктатуру ці станеце на абарону мільёнаў беларусаў.
Будзьце з намі! Сумленна выконвайце свой абавязак і прысягу!
Беларускае Радыё Рацыя