Вашчыкоўскі: Трэба вызначыць лёс „Усходняга партнёрства”



Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што Еўразвяз павінен прапанаваць новую індывідуальную праграму кожнай дзяржаве з „Усходняга партнёрства”.

Вітальд Вашчыкоўскі

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі мяркуе, што Еўрапейскі Звяз павінен задумацца пра будучыню праграмы „Усходняе партнёрства”, піша wPolityce.

„Нам трэба падумаць, што зрабіць з шасцю дзяржавамі, статус якіх вельмі розны. Тры дзяржавы падпісалі пагадненні аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам, яны павольна ўводзяцца ў дзеянне. А яшчэ тры дзяржавы – ў часовай нявызначанасці. Мы павінны вызначыцца, ці гэтую праграму падзяліць, ці захаваць, ці індывідуальна для кожнага ўдзельніка прапанаваць нейкую праграму супрацоўніцтва”, – адзначыў кіраўнік польскай замежнапалітычнай установы.

Праграма „Усходняе партнёрства” была прынятая Еўразвязам у 2008 годзе для развіцця інтэграцыйных сувязяў ЕЗз Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю. Аўтарамі праекта з’яўляліся кіраўніка МЗС Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт.

У сакавіку 2015 года кіраўнік МЗС Аўстрыі Себасціян Курц заявіў, што Вена будзе патрабаваць перагледзець праграму „Усходняе партнёрства” і палітыку суседства Еўразвязу ў сувязі з канфліктам ва Украіне.

Пра патрэбу перагляду праграмы „Усходняга партнёрства”, якая „пацярпела фіяска”, Вашчыкоўскі заяўляў яшчэ ў студзені 2016 года.