Вашынгтон прымае эстафету Мiжнароднага ланцугу салiдарнасцi



У нядзелю, 23 жнiўня, у амерыканскай сталiцы пройдзе беларуска-балтыйскi ланцуг салiдарнасцi з народам Беларусi.

Акцыя стартуе апоўднi, у той жа самы час, як жывы ланцуг пачне фармавацца ад Вiльнi да беларускай мяжы.

«Патронам вашынгтонскага мерапрыемства з’яўляецца Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў ЗША Раландас Крышчунас. Беларускі ўдзел каардынуе Вашынгтонскi аддзел Беларуска-Амерыканскага Задзiночання (БАЗА), а таксама суполка «Беларусы ЗША. Разам лягчэй», – паведамiў адзiн з арганiзатараў ланцугу беларуска-амерыканскi праваабаронца Вячаслаў Бортнiк. – Жывы ланцуг расцягнецца ад лiтоўскай амбасады да беларускай, памiж якiмi прыблiзна 1,5 кiламетры. Большая частка ланцугу будзе месцiцца на адной з галоўных вулiц Вашынгтона, што ідзе да самога Белага дому, тады акцыю будзе вельмi добра вiдаць жыхарам ды гасцям амерыканскай сталiцы».

Акрамя беларусаў i лiтоўцаў, у акцыi плануюць браць удзел прадстаўнiкi эстонскай, латышскай ды ўкраiнскай дыяспараў.

БАЗА заклікае ўрад ЗША адмовіцца прызнаць вынікі сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня; запатрабаваць ад Беларусі правядзення новых і сумленных выбараў; запатрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў; запатрабаваць неадкладнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту над мірнымі ўдзельнікамі пратэстных акцыяў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці; згодна з Актам аб дэмакратыі ў Беларусі і Актам Магніцкага, увесці санкцыі ў дачыненні да ўсіх асоб, адказных за фальсіфікацыю выбараў і жорсткае абыходжанне з мірнымі ўдзельнікамі акцыяў пратэсту; захоўваць актыўную дыпламатычную прысутнасць у Беларусі, у тым ліку шляхам адпраўкі пацверджанага Сенатам пасла ЗША ў Беларусі, як толькі гэта магчыма, улічваючы, што падобная адпраўка не можа быць зроблена, калі неабходныя дзеянні прэзідэнта Беларусі, паколькі ў Беларусі няма законнага прэзідэнта.

Беларускае Радыё Рацыя