Вашынгтон расчараваны выбарамі ў Беларусі



ЗША «расчараваныя» прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі, таму што яны не апраўдалі чаканняў на свабоднае і сумленнае волевыяўленне.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартаменту Марк Тонар заявіў, што міжнародныя назіральнікі адзначылі «сур’ёзныя праблемы» падчас галасавання 11 кастрычніка, па выніках якога Аляксандр Лукашэнка з больш як 83 адсоткамі галасоў выбаршчыкаў быў пераабраны на пяты тэрмін.

Праблемы, па словах прадстаўніка Дзярждэпартаменту, былі звязаныя з немагчымасцю міжнародных і мясцовых назіральнікаў сачыць за падлікам галасоў.

Акрамя таго, Тонар заявіў пра амаль поўную адсутнасць прадстаўнікоў апазіцыі або незалежных назіральнікаў у выбарчых камісіях. «Свабодная і незалежная прэса, прастора для арганізацыяў грамадзянскай супольнасці і працы апазіцыйных партыяў, а таксама поўны доступ міжнародных і ўнутраных назіральнікаў маюць важнае значэнне для забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў», — адзначыў Тонар. Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны ў пяты раз у ходзе галасавання 11 кастрычніка. Апазіцыя назвала выбары «спэктаклем» і заявіла, што не прызнае іх вынікаў. Афіцыйныя звесткі аб выніках выбараў ЦВК мае абвясціць 16 кастрычніка.

Радыё Свабода