Васіль Батнару: Нехта выбраў Расею, а нехта – Еўропу



Дырэктар Радыё Свабода ў Кішынёве Васіль Батнару падчас сустрэчы з журналістамі з Малдовы, Украіны, Грузіі і Беларусі адказаў на пытанні, пракаментаваў вынікі парламенцкіх выбараў у краіне, а таксама распавёў, куды краіна збіраецца рухацца далей.

1_mol

РР: На парламецкіх выбарах перамаглі прапуцінскія сацыялісты, але праеўрапейская кааліцыя ўсё-такі захоўвае большасць. Куды ў такім выпадку краіна будзе рухацца далей?

Васіль Батнару: Па-першае, я вельмі задаволены, што выбары паставілі на месца ўсіх палітыкаў, якія да гэтага задзіралі нос і раздзімаліся бы шары, каб злётаць на дрэва за мёдам. Зараз яны бразнуліся аб зямлю. Было шмат папулістаў (мясцовых Жырыноўскіх), але партыя ўлады таксама не без граху. Рознымі махінацыямі і непрыстойнымі дзеяннямі яны падрубілі сук, на якім сядзелі. Але галоўны вынік выбараў – усе палітычныя сілы зараз проста вымушаны дамаўляцца, таму што ніхто не атрымаў значнай перавагі, як гэта зрабілі камуністы ў 2001 годзе. Яны тады мелі магчымасць нават Канстытуцыю змяніць. У іх была камфортная большасць, быў прэзідэнт-камуніст, быў свой кіруемы ўрад. Такой сітуацыі больш не будзе, і зараз усе вымушаны дамаўляцца.

РР: З кім будуць аб’ядноўвацца прарасейскія сацыялісты?

Васіль Батнару: Вось гэта і стане прадметам гандлю. Былы прэзідэнт Малдовы Варонін (яго камуністычная партыя заняла трэцяе месца на гэтых выбарах) вельмі пакрыўджаны на сацыялістаў, таму што апошнія забралі ў яго прарасейскі электарат. Раней яны піхалі адзін аднага. А зараз, калі будуць дамаўляцца, Вароніну трэба ісці альбо на другія ролі да сацыялістаў (у іх большы кавалак пірага), альбо быць вясельным генералам у правых сілаў. Дарэчы, да выбараў ён казаў, што не стане адмаўляцца ад падпісаных пагадненняў з Еўропай, а будзе нешта там падпраўляць. Адным словам, Варонін – больш-менш пласцілінавы, яго ў нейкім выглядзе праеўрапейская кааліцыя паспрабуе схіліць на свой бок. Але, паўтаруся, па рагах атрымалі абсалютна ўсе. У тым ліку, і сацыялісты, якія быццам бы і атрымалі ўладу, і ў той жа час яе не атрымалі, бо не маюць большасці ў парламенце.

РР: Хто сфарміруе гэтую большасць? Якія варыянты?

Васіль Батнару: Тут, як кажуць, хто першы залез у пантоплі, таго і пантоплі. Паглядзім, хто і з кім хутчэй зможа дамовіцца, забыўшыся аб амбіцыях. Вопыт стварэння кааліцыі ўжо ёсць – тады палітыкі вельмі доўна не маглі падзяліць партфелі. Спадзяюся, што на старыя граблі яны зараз наступаць не будуць, бо час вельмі дарагі. Гэта на карысць кааліцыі, стварэнне якой будзе больш празрыстым.

РР: Але еўрапейскі вектар развіцця краіны застаецца?

Васіль Батнару: Скажам так: шанцы на еўрапейскі шлях развіцця Малдовы яшчэ вялікія. Калі не будуць супараціўляцца камуністы, якія тэарэтычна могуць аб’яднацца з сацыялістамі, каб рабіць усялякія брыдкасці. Парламент можа стаць нефункцыянальны, таму што ў праеўрапейцаў самая мінімальная перавага, каб зацвердзіць прэм’ер-міністра. Калі не змогуць дамовіцца наконт гэтага, то могуць адбыцца паўторныя выбары. Праеўрапейскія сілы разумеюць, што гэтыя перавыбары не на іх карысць, бо баланс можа схіліцца да прарасейскіх сілаў.

РР: Чаму?

Васіль Батнару: Таму што правыя з цяжкасцю набралі свае галасы. Нават у Румыніі не прыйшла тая колькасць людзей, на якую разлічвалі. І, калі людзі ўбачаць, што яны не могуць дамовіцца, на перавыбарах народ наогул можа праігнараваць кампанію. Другога шанца правым могуць і не даць.

РР: Але хацелася б удакладніць: Малдова выбрала Расею ці Еўропу?

Васіль Батнару: Нехта выбраў Расею, а нехта – Еўропу. Грамадства падзялілася. І галасуюць нават не столькі за Расею, колькі за свой камфорт пад расейскім парасонікам. За танны газ, магчымасць паўлегальна працаваць у Расеі… Гэта, як мяркуе просты чалавек, сініца ў руках. Для прыхільнікаў праеўрапейскага выбару важнейшы чыннік – журавель у небе. Гэта бязвізавы рэжым з Еўропай і гэдак далей. Але ў такім выпадку трэба яшчэ і зладзееў у турму саджаць, як гэта здарылася ў Румыніі. Трэба пазбаўляцца ад многіх суддзяў, бо відавочна, што яны залежныя ад заказу і сваёй кішэні. Таму праеўрапейскі выбаршчык быў у вельмі складанай сітуацыі. Ён павінен быў галасаваць за адну з тых партый, у якой свае грахі. Пытанне ставілася так: з кім пераходзіць мост? Атрымоўвалася, што з тым, хто па дарозе ў цябе можа ўкрасці кашалёк. Але ж і на другі бок трэба было патрапіць. А з прарасейцамі і ў сілу прапаганды, і ў сілу інерцыі прасцей было працаваць. Яны “едуць на Берлін” пад лозунгам “спасибо деду за Победу”. Прапаганда – у дзеянні. Таму зараз у Малдове вельмі ўнікальная сітуацыя. Мы запрашаем на сваё тэлебачанне розных кісялёвых, салаўёвых, якія выліваюць на галаву вядро прапаганды. І самае цікавае, што гэта адбываецца на адным і тым жа тэлеканале, чыім уласнікам з’яўляецца чалавек, які выступае за Еўрасаюз. Парадоксы! У сваіх праграмах лібералы кажуць “Мы – за Еўропу”, і на іх жа тэлеканале праз некалькі хвілін расейскія прапагандысты льюць бруд на Украіну, якая зрабіла еўрапейскі выбар. Перад выбарамі ў Малдове выступалі ў межах перадвыбарчых кампаній кандыдатаў Кіркораў, Баскаў, Галкін, іншыя артысты. Вы ўяўляеце, якія там ганарары плацілі!?

РР: А Кіркорава запрашалі сацыялісты?

Васіль Батнару: Наадварот – дэмакраты-праеўрапейцы. І са сцэны Кіркораў сказаў: “Галасуйце за дэмакратычную партыю”. Можна толькі ўявіць, якіх грошай каштавала, каб ён такое сказаў. Пры гэтым артыстаў запрашалі быццам бы на “Фестываль малдоўскага пояса”. Пра такое мерапрыемства ніхто ніколі і не чуў. Людзі ў Малдове бедна жывуць, а тут дэпутаты такімі грашыма раскідваюцца. Усе ж усё разумеюць, гэта выклікае адэкватную рэакцыю.

РР: За некалькі дзён да выбараў знялі з выбараў прарасейскую партыю Рэната Усатага. Гэта было мэтазгодна?

Васіль Батнару: Я думаю, што тут спрацавалі паліттэхнолагі. Гэта шматхадоўка, якая павінна была стварыць такую электаральную сітуацыю, якая б скруціла па руках і нагах уладу, што прывядзе да датэрміновых выбараў. Не выключаю, што да гэтага прыклала сваю руку Расея. Хутчэй за ўсё, так і ёсць. Але ёсць хоць нейкі рух наперад. Вось Усатага выключылі з барацьбы і адразу ж з’явілася жорсткая рэакцыя амерыканскага пасольства. Амерыканцы нават хутчэй адрэагавалі, чым расейцы. Таму што, калі Малдова вырашыла стаць еўрапейскай краінай, то і вясці сябе неабходна суадносна.

РР: Ці хвалюе простых людзей праблема судоў, карупцыі ў краіне?

Васіль Батнару: Гэта больш хвалюе моладзь, для іх важная доўгатэрміновая перспектыва. Дзе будзе сапраўдны суд і рэальная палітычная канкурэнцыя. І гэта не ў сілу ўзроста. Сацыёлагам трэба яшчэ разбірацца з такой сітуацыяй.

РР: Ці былі фальсіфікацыі на выбарах? І наколькі выбары ў Малдове празрыстыя?

Васіль Батнару: Галоўная праблема была з электронным спісам выбаршчыкаў, калі сістэма “завісала”. Некаторыя казалі, што фальсіфікацыі маглі адбывацца падчас адключэння фільтра, але Цэнтрвыбаркам сцвярджае, што гэта не паўплывала на вынікі галасавання. Я веру Цэнтрвыбаркаму, таму што электроннае галасаванне змяніла многае. Ва ўсялякім вяпадку, зніклі “мёртвыя душы”. Калі і ёсць нейкія фальсіфікацыі, то гэта нейкія складаныя “арэлі” ці “закіды” бюлетэняў на выбарчых участках, а гэта таксама малаверагодна, бо ў камісіях – прадстаўнікі самых розных партый, якія добра сочаць за канкурэнтамі. Вялікіх парушэнняў у нас няма. Гэта практычна немагчыма.

РР: Вернемся да фарміравання ўраду ў Малдове… На якія выклікі ён павінен будзе адказваць?

Васіль Батнару: Зараз пытанне стаіць інакш: ці будзе ўрад адмаўляцца ад еўрапейскага выбару, ад дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам? Сацыялісты ж сказалі, што ніякага Еўразвяза не будзе. І, калі менавіта сацыялісты будуць фарміраваць урад, то яны будуць выконваць сваю задачу. Правыя збіраюцца рухаць далей у Еўропу. Хоць пагадненне прымушае іх прымаць больш жорсткія рэформы па судовай сістэме і барацьбе з карупцыяй. Таму паглядзім, хто каго пераіграе, і куды краіна будзе рухацца далей. Малдова можа схіліцца ў любы бок.

РР: А навошта заможнай Еўропе бедная Малдова?

Васіль Батнару: Малдова – гэта санітарны кардон, на які Еўропа можа разлічваць у будучым. Кожны ж хоча мець нармальнага чыстага суседа. Гэдак жа і Расея хоча мець у гэтым рэгіёне свой уплыў, размясціць танкі, ракеты. Краіна знаходзіцца паміж двух агнёў. Мой сябра з Бі-Бі-Сі кажа так: “Мурашам абсалютна ўсё роўна, што робяць сланы – улюблёна займаюцца сексам ці б’юцца. І так, і так мурашоў топчуць”. Вялікія краіны вырашаюць свае геапалітычныя інтарэсы, а малая Малдова – той жа мураш. У такой сітуацыя нашым палітыкам важна, каб з гэтага была нейкая выгода для краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара