Васіль Бераснеў: Фальсіфікатары выбараў пакуль кпяць з нас



Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту па Аршаншчыне Васіль Бераснеў заявіў, што пакуль ніхто з адказных за масавыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у раёне не панёс ніякага пакарання.

Усе працягваюць займаць свае пасады, але аршанцы на мітынгах у горадзе патрабавалі адстаўкі канкрэтных людзей, заяўляе Бераснеў:

– Патрабавалі падаць добраахвотна ў адстаўку намесніка старшыні райвыканкаму Калачова, які з’яўляўся галоўным арганізатарам усіх гэтых падлогаў і фальсіфікацыяў у выбарчым працэсе. Начальніка аддзелу кадравай работы Лаўрэнаву. Таксама старшыню выбарчай раённай камісіі Давідовіча. І арганізатара ідэалагічнай работы ў раёне Прусакоў. Але яны працуюць і насміхаюцца пакуль над намі.

Тым не менш, аўтарытэт названых асобаў упаў назаўжды. Зараз аршанцам добра вядомыя імёны тых, хто груба парушыў закон. Акрамя таго, працягваецца праца па данясенні да ведама працоўных і педагагічных калектываў інфармацыі пра старшыняў выбарчых камісій, адказных за парушэнні выбарчага заканадаўства. Васіль Бераснеў не сумняецца, што пасля змены ўлады на вінаватых будуць заведзены крымінальныя справы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя