Васіль Палякоў абраны новым старшынём АГП



У ходзе чарговага, 18-га, з’езда Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, які прайшоў 8 ліпеня ў Менску, новым старшынём АГП абраны Васіль Палякоў.

Усяго на пасаду старшыні арганізацыі прэтэндавалі чатыры чалавекі: Палякоў, Мікалай Казлоў, Людміла Гразнова і Максім Жарноўскі.

Анатоль Лябедзька, які ўзначальваў АГП з 2000 года, узяў самаадвод. Сваё рашэнне ён абгрунтаваў жаданнем адысці ад прыняцця палітычных рашэнняў у партыі. Пры гэтым ён адзначыў, што ў яго ёсць ідэі, якія ён хацеў бы рэалізаваць у будучыні, але якія наўпрост не звязаныя з палітыкай.

Па выніках тайнага галасавання за Палякова прагаласавалі 62 чалавекі, за Казлова — 19, за Гразнову — чатыры, за Жарноўскага — пяць. Яшчэ тры чалавекі прагаласавалі супраць усіх.

Палякаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Гомельскай вобласці. Скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт у 1993 годзе, гісторык. Выкладаў гісторыю і грамадска-палітычныя дысцыпліны ў сярэдняй школе № 24 і Гомельскім гарадскім ліцэі № 1. У 2002 годзе скончыў аспірантуру РІВШ БДУ па спецыяльнасці „палітычная навука”. Сфера інтарэсаў — палітыка, праваабарончая дзейнасць. У 1996 годзе, напярэдадні рэферэндуму 24 лістапада, уступіў у АГП. Апошнія гады быў намеснікам старшыні партыі.

belapan.by