Васіль Палякоў: Ідзе паляванне на ўсіх апанентаў улады



Гомельскі грамадскі актывіст і праваабаронца Васіль Палякоў пракаментаваў “справу Леаніда Судаленкі”.

Нагадаем, што старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра „Вясна” быў затрыманы 18 студзеня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Васіль Палякоў: Для мяне відавочна, што справу высмакталі з пальца. Ніколі не было тых забаронаў, што прад’яўляюць Леаніду, у яго была абсалютна законная дзейнасць. Відаць, зараз будуць збіраць нейкія доказы, каб зрабіць чалавека як быццам злачынцам.

Але Леанід Судаленка – кваліфікаваны юрыст, я ўпэўнены, што ён ведае, як сябе бараніць, і як паказаць, што чорнае – гэта чорнае, а белае – гэта белае. Хаця апошнім часам у нашай краіне лёгка пераварочваюць усё з ног на галаву.

РР: Хочуць зачысціць грамадскія і праваабарончыя арганізацыі?

Васіль Палякоў: Зараз ідзе паляванне на ўсіх апанентаў улады па ўсіх франтах. Працягваецца кампанія запалохвання, і праваабаронцаў ізалююць, каб тыя не маглі аказаць юрыдычнай дапамогі людзям. Каб людзі не адчувалі ніякай падтрымкі, каб кожны думаў, што ён сам насам застанецца са сваімі праблемамі, калі пойдзе супраць рэжыму. Таму пад рэпрэсіі трапляюць сёння многія.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя