Васіль Палякоў: Назіраецца поўная палітычная апатыя насельніцтва



Да завяршэння кампаніі па зборы подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты засталося менш за 2 тыдні. Тры ініцыятыўныя групы, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Цярэшчанкі і Сяргея Гайдукевіча, ужо заявілі пра пераадоленне небходнага мінімума ў сто тысяч подпісаў. Прадстаўнікі апазіцыйных кандыдатаў канстатуюць палітычную апатыю насельніцтва. Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў заўважае, што сёлета ўлада таксама мае праблемы са зборам подпісаў:

– Калі б людзі ў чэргі шыхтаваліся на пікетах і ставілі свае подпісы – гэта адна справа. А калі на прадпрыемствах і ўстановах адукацыі, аховы здароўя кажуць: прыходце з пашпартамі, а калі не падпішыцеся за Лукашэнку – будуць пэўныя праблемы. Вось такі адміністрацыйны рэсурс працуе і пакуль ён спрацоўвае.

Жыхары Гомеля, якія праходзяць міма пікетаў, не бачаць інтрыгі ў будучых выбарах:

Мы за „бацьку”. А што, кепска мы жывём? Нармальна жывём.

– Мы за Калякіна. Каб ва ўладзе не застаўся той, хто зараз, таму што гэта будзе „стабільнасць у краіне”.

– Мяне цікавіць, чаму народ лічыць, што калі будзе іншы кіраўнік – не будзе стабільнасці і міра. Хацелася б нейкіх зменаў, каб хаця б страсянуць гэтую вершаліну ўлады, якая засідзелася.

Збор подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты завершыцца 21 жніўня. Пасля праверкі падпісных лістоў Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць пытанне рэгістрацыі кандыдатаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель