Васіль Палякоў: Статкевіч павінен вылучацца разам з адзіным ад апазіцыі



Вылучэнне палітычнага вязня Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам пакуль не абмяркоўвалася ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў знаходзіць ідэю падтрымкі кандыдатуры палітвязня слушнай, але заўважае, што актуалізацыя праблемы наяўнасці палітычных зняволеных не павінна стаць асноўнай мэтай кампаніі 2015 года:

– Калі б мы вялі размову пра мясцовую кампанію, пра парламенцкую кампанію, вось там гэта было б больш слушна – праблема палітзняволеных, нейкія ўмовы ўдзелу ў кампаніі і гэтак далей. Але раз на пяць год выпадае шанец змагання за ўладу. І безумоўна замест таго, каб змагацца за ўладу, ставіцца на першае месца пытанне актуалізацыі ў грамадстве праблемы палітзняволеных. Гэта размывае кампанію і пераносіць акцэнты.

Мікола Статкевіч з’яўляўся адным з супернікаў Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2010 году.

Пасля брутальнага разгону масавай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў галасавання ён быў затрыманы і дастаўлены СІЗА КДБ. Мікола Статкевіч дагэтуль застаецца за кратамі, адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні.

Беларускае Радыё Рацыя