Васіль Палякоў: я вырашыў паглядзець праўдзе ў вочы



77 дзён на пасадзе старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Што вымусіла Васіля Палякова зняць свае паўнамоцтвы? І ці мае крыўды на сталічную каманду Васіль Палякоў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае цяпер ужо былы старшыня АГП.

РР: Што за гэты перыяд у Вас атрымалася і не атрымалася зрабіць?

Васіль Палякоў: За гэты час я імнуўся, каб была большая адкрытасць у прыняцці рашэнняў, каб было болей інфармацыі. Што не атрымалася, дык гэта вырашыць праблему, з якой сутыкаюцца цяпер многія структуры грамадзянскай супольнасці. А менавіта праблему пошукаў сродкаў пад дзейнасць інфраструктуры, пад дзейнасць партыі. Вось гэтая праблема ў вялікай ступені перашкаджала займацца папулярызацыяй партыі, прасоўваннем партыйных каштоўнасцяў і арганізацыяй сталай, трывалай дзейнасці для партыйных структураў.

РР: Што было апошняй кропляй, пасля чаго Вы вырашылі скласці паўнамоцтвы?

Васіль Палякоў: Гэта паступова рашэнне прымалася, яно не было хуткім, прынятым пад уздзеяннем нейкіх нечаканых фактараў. Справа ў тым, што былі спробы вырашаць праблемы, але, на жаль, сутыкнуўся з тым, што ў сённяшніх умовах гэта было складана зрабіць.

Акрамя таго, трэба было вырашаць адначасова праблему пераезду ў Менск, паколькі кіраваць з Гомеля партыяй складана. А ездзіць кожны дзень ці праз дзень у Менск – таксама цяжка. Патрэбны быў час, каб гэта ўсё вырашыць. На жаль, яго не было. І, адпаведна, я прыйшоў да таго, што будзе больш сумленна паглядзець праўдзе ў вочы  і не падманваць ні сябе, ні партыйцаў, што ў нас хутка будзе нейкі прарыў.

РР: Калі Вас абралі старшынёй, ці ведалі Вы пра ўсе гэтыя праблемы? Чаму тады не зрабілі самаадвод?

Васіль Палякоў: На той момант ведаў пра праблемы. Аднак думаў, што будзе запас часу, каб іх вырашыць. Аднак сітуацыя пачала разгортвацца даволі імкліва. І вырашыць у такім хуткасным рэжыме ўсё, што навальвалася на меня, было даволі складана.

РР: Не баіцеся, што Вас абвінавацяць, што Вы кідаеце партыю, што яна цяпер застанецца без кіраўніка?

Васіль Палякоў: У нейкай ступені, можа быць. Але на сённяшні дзень я гэтага не адчуваю. Таму я і вырашыў сысці цяпер. Можна было працягваць і нейкі час яшчэ пратрымацца альбо трымацца да апошняга. Але мне падалося, што лепей я адразу пра гэта заяўлю, хоць гэта адмоўна паўплывае і на мае перспектывы і ў партыі, і ў дэмакратычным руху. Але лепей цяпер, калі гэта можна зрабіць менш балюча для арганізацыі ў цэлым, і для сябе.

РР: Хто будзе кіраваць партыяй да перавыбараў?

Васіль Палякоў: На Палітрадзе я склаў абавязкі. Абраны выконваючы абавязкі старшыні партыі. Ім стаў Мікалай Казлоў. Ён будзе выконваць абавязкі да з’езду.

РР: Ці засталіся крыўды на менскую каманду?

Васіль Палякоў: У нас добрыя стасункі. Яны разумеюць сітуацыю. Я разумею сітуацыю. І мы абралі шлях ні высвятлення адносінаў і крыўдаў, а супрацоўніцтва і цывілізаванага вырашэння сітуацыі, якая склалася.

РР: Да старшыньства Вы некалькі гадоў з’яўляліся намеснікам старшыні партыі. Ці пагадзіцеся Вы на гэтую пасаду, калі Вас абяруць?

Васіль Палякоў: Хутчэй за ўсё, не.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя, Гомель