Васіль Парфянкоў – на волі



5 снежня на свабоду выйшаў палітычны вязень Васіль Парфянкоў. Раніцай яго вызвалілі з Горацкай папраўчай калоніі №9, прывезлі на мясцовы вакзал якраз да адпраўлення цягніка на Воршу, а журналістам, якія яго сустракалі, не дазволілі ехаць гэтым жа цягніком. Васіль цяпер знаходзіцца ў атачэнні блізкіх і сяброў, хоць адзначае, што выйшаў з меншай турмы ў больш вялікую, і што ў краіне надалей застаюцца іншыя палітычныя зняволеныя. Амаль увесь апошні час зняволення ён правёў у ШЫЗА:

– З 8 красавіка па сённяшні ранак я прабыў у ШЫЗА ў адзіночнай камеры. Такога асаблівага ціску… ён быў, канешне, але я ўжо да яго быў прызвычаіўся і асабліва не звяртаў увагі на нейкія дробныя правакацыі з боку міліцыянтаў, і стараўся трымаць сябе ў руках, каб не сарвацца і не зарабіць сабе новы тэрмін.

Цяпер ужо былы палітычны вязень кажа, што час, праведзены за кратамі, яшчэ больш яго загартаваў:

– Яшчэ больш стаў загартаваным на далейшае змаганне, яшчэ больш адчуваю гэтае пачуццё непрыязні да існуючага рэжыму, які зараз пануе ў Беларусі, што яго трэба мяняць, што так далей жыць нельга. Можна сказаць, што стаў яшчэ больш моцным.

Васіль Парфянкоў раней неаднаразова затрымліваўся і адбываў адміністрацыйныя арышты за сваю актыўную грамадзянскую дзейнасць. Удзельнічаў у акцыі пратэсту 19 снежня 2010 году супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Пазней быў затрыманы і асуджаны на 4 гады калоніі паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў масавых беспарадках. У жніўні 2011 году выйшаў на волю паводле ўказу аб памілаванні, але ў снежні 2013-га яго асудзілі на год зняволення, паколькі Васіль нібыта парушаў умовы прэвентыўнага нагляду, усталяванага за ім.

 Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Палітычны вязень Васіль Парфянкоў выйшаў на волю. Супрацоўнікі калоніі ў Горках, дзе адбываў чарговы тэрмін актывіст апазіцыі, сарвалі яго сустрэчу. Васіля Парфянкова вывезлі адтуль на легкавой машыне і пасадзілі ў цягнік да Воршы.

10360397_726922407415284_5555869297846236272_n

Васіль Парфянкоў адбыў у калоніі свой трэці тэрмін пасля 2010 года. Тады актывіста пакаралі чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму ў рамках справы аб «масавых беспарадках», калі дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на Плошчу Незалежнасці ў Менску пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа аб памілаванні.

Пасля гэтага праваабаронцы фіксавалі, што актывіст неаднаразова падвяргаўся пераследам з боку ўладаў. У траўні суд Першамайскага раёна Менска прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду і даў паўгода  арышту. У  ліпені  2013 Васілю зноў было прад’яўлена абвінавачванне па артыкуле «Парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду». 5 снежня 2013 года Васіля Парфянкова пакаралі годам пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

[youtube id=”nOEU_o4dPiA”]

Беларускае Радыё Рацыя