Васіль Завадскі: Прынятых мер недастаткова, каб абараніць зняволеных



Самая вострая тэма зараз, як у Беларусі, так і ва ўсім свеце, – распаўсюд пандэміі каронавіруса. Сітуацыю ў Беларусі, і ў прыватнасці ў беларускіх месцах зняволення, абмяркуем з сённяшнім „Госцем Рацыі”, кіраўніком праваабарончай арганізацыі „Тайм Акт” Васілём Завадскім.

РР: Вы на мінулым тыдні звярнуліся ў Дэпартамент выканання пакаранняў з прапановай увесці каранцін і іншыя захады ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы. І літаральна праз суткі каранцін быў уведзены. Наўрад ці гэта звязана з вашым зваротам, але тым не менш, як вы гэтыя крокі ацэньваеце?

Васіль Завадскі: Калі я пісаў гэты зварот і размяшчаў яго ў сеціве і некаторых СМІ, я ўжо ведаў, што прынятае рашэнне пра каранцінныя мерапрыемствы – пра забарону спатканняў і пра замеры тэмпературы ў супрацоўнікаў пры ўваходзе ў пенітэнцыярныя ўстановы. Сёння пра нейкія іншыя мерапрыемствы каранціннага плану мне нічога не вядома. Нават сёння з’явілася ў СМІ паведамленне пра тое, што міністр унутраных спраў Юрый Караеў падпісаў адмысловы загад,  і ў ім акрамя пералічаных мерапрыемстваў, я нічога новага не заўважыў. І гэта выклікае асцярогу. Бо гэтых мер недастаткова для таго, каб абараніць зняволеных, супрацоўнікаў і таксама грамадства ад распаўсюджвання інфекцыі.

РР: Якія б меры вы дадалі?

Васіль Завадскі: Трэба зыходзіць з такой парадыгмы, што ўспышкі каронаінфекцыі ў месцах пазбаўлення волі непазбежныя. І зыходзячы з яе – дзейнічаць. Таму што ўсякае расхалоджванне здольнае прывесці да вельмі негатыўных наступстваў. Я ўжо казаў і заклікаю яшчэ раз МУС, Дэпартамент выканання пакаранняў зрабіць усё, што ад іх залежыць, каб максімальна вызваліць з месцаў пазбаўлення волі людзей, якія сёння могуць быць вызваленыя. Гэта тыя, у каго падышлі тэрміны на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, гэта замена пакарання на больш мяккае. Гэта было б выдатным гуманным актам. У першую чаргу я б заклікаў гэта зрабіць у адносінах да людзей сталага ўзросту, якіх даволі шмат у месцах пазбаўлення волі, да хворых на сухоты, на анкалогію, сардэчныя захворванні, лёгачныя, ВІЧ-пазітыўных. Па-другое, гэтыя людзі неслі б ужо адказнасць самі за сябе і за сваё здароўе, а не Дэпартамент выканання пакаранняў і яго супрацоўнікі.

Я думаю, гэта не выглядае такім фантастычным. Мы ведаем, што адкрывецца сесія Вярхоўнага Савета. Кажуць, што яны зараз будуць разглядаць? Аказваецца, самае, што іх найбольш хвалюе сёння, гэта змены ў закон аб рэкламе! Я б прапанаваў ім тэрмінова адразу ў некалькіх чытаннях прыняць закон аб амністыі і рэалізоўваць яго як мага хутчэй, каб людзі выйшлі на волю, каб не было перапоўненасці ў калоніях.

І іншага плана мяне непакоіць сітуацыя  – вельмі напружанае становішча са спецыялістамі. Іх не хапала і да гэтых падзей, а калі ўспыхне інфекцыя, то будзе вельмі складана. Я нават не ўяўляю сабе, як яны будуць выходзіць з гэтага становішча.  

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: humanrightshouse.org