Васкрасенскі сцвярджае, што Ігар Лосік знаходзіцца ў першай частцы спісу на памілаванне
Былы палітвязень Юры Васкрасенскі, які стаў супрацоўнічаць з уладамі, заявіў, што перадаў Лукашэнку першую частку спісу зняволеных на памілаванне. Раней Лукашэнка казаў, што ніякіх палітвязняў у Беларусі няма, а сам Васкрасенскі тры дні таму казаў, што ўлады адмовіліся ад ідэі амністыі. У першую частку спісу на памілаванне, перададзенага Аляксандру Лукашэнку, уключаны блогер Ігар Лосік, заявіў былы актывіст ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, дырэктар установы «Круглы стол дэмакратычных сіл» Юры Васкрасенскі ў камэнтары тэлеканалу «Беларусь 1».
«Мы не можам назваць усю сотню, але магу сказаць, што ў першую частку спісу ўключаны вядомы актывіст апазыцыі Ігар Лосік. Мы ўключылі Ігара ў першую частку спісу», — сказаў Васкрасенскі.
На мінулым тыдні стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі, Мікола Статкевіч і фігуранты «пінскай справы» адмовіліся прасіць у Лукашэнкі памілавання.