Вацлаў Радзівіновіч: Лукашэнка ўмела выкарыстоўвае становішча паміж ваюючымі бакамі
Рэйтынг Александра Лукашэнкі зараз сама высокі за апошнія некалькі гадоў, як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Гэта, перадусім, з прычыны ягонай ролі як арбітра ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Паводле шматгадовага карэспандэнта “Газеты Выборчай” Вацлава Радзівіновіча, кіраўнік беларускай дзяржавы вельмі ўмела выкарыстоўвае сваё становішча паміж ваюючымі бакамі.
– Знаходзячыся паміж Кіевам і Масквой, Лукашэнка не хоча канфлікту, ён можа выступаць як міратворца і можа і ўмее заставіць Пуціна нешта рабіць.
Вацлаў Радзівіновіч перад тым як стаў карэспандэнтам у Маскве, працаваў у Беларусі. І хоць добра ўзгадвае краіну і працу, аднак з прычыны сваіх карэспандэнцый, быў вымушаны пакінуць Беларусь.
– Мяне дэпартавалі з Беларусі. Не пазбавілі мяне акрэдытацыі, яе проста не прадоўжылі. У мяне і зараз забарона на ўезд у Беларусь. Шкада, бо гэта вельмі цікавая краіна і працаваць там мне было вельмі цікава.
Вацлаў Радзівіновіч – адзін з найлепшых польскіх спецыялістаў па пытаннях Расеі, а таксама Украіны і Беларусі. Карэспандэнт “Газеты Выборчай” быў госцем літаратурнага фестывалю “Сабраныя”, які гэтымі днямі праходзіць у Беластоку.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Славаміра Камінскага