Ватыкан дапаможа арцыбіскупу Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь?
Кіраўнік беларускага каталіцкага біскупства, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца на дапамогу Святога пасада ў вырашэнні праблемы свайго вяртання ў Беларусь. Пра сітуацыю, у якой ён апынуўся, каталіцкі іерарх распавёў у інтэрв’ю навінаваму парталу Ватыкана па выніках візіту ў апостальскую сталіцу.
На пачатку гэтага тыдня Кандрусевіч наведаў Ватыкан па запрашэнні Дзяржаўнага сакратарыята Святога пасада, каб сустрэцца з дзяржсакратаром кардыналам П’етра Паралінам і сакратаром па адносінах Святога пасада з дзяржавамі Полам Рычардам Галахерам.
„Мы доўга размаўлялі пра складанасць сітуацыі ў Беларусі і ў мясцовым касцёле, — адзначыў арцыбіскуп. — Таксама сустрэча была прысвечана пошуку шляхоў вырашэння складанай сітуацыі, у якой знаходжуся сёння асабіста я. Хачу сказаць, што Святы пасад сапраўды прыкладае шмат намаганняў, каб праблема была хутчэй вырашана. Спадзяюся, што наступныя крокі, якія будуць зроблены з боку Святога пасада, дапамогуць у хутчэйшым вырашэнні праблемы”.
Кандрусевіч падзякаваў папе рымскаму Францішку за тое, што ў верасні пантыфік накіраваў на перамовы з беларускімі ўладамі ватыканскую дэлегацыю. „Мы не ведаем усёй „кухні” перамоў, і часам менш інфармацыі — лепш для справы, — сказаў ён. — Я вельмі ўдзячны за тое, што святы айцец накіраваў у Беларусь арцыбіскупа Галахера, што ён правёў перамовы, пазнаёміўся з біскупамі і даведаўся аб сітуацыі з першых рук”.
Нягледзячы на тое што ён не можа вярнуцца на радзіму ўжо амаль два месяцы, Кандрусевіч „не адчувае сябе пакінутым” і ўдзячны ўсім за „фізічную і малітоўную дапамогу”. „Здаецца, робіцца ўсё магчымае. Я стараюся падбадзёрваць сябе, давяраючы ўсё Богу, і быць разам з людзьмі, калі не фізічна, то духоўна. Іх малітвы і неабыякавасць, шмат віншаванняў — усё гэта знак салідарнасці. Я не пакінуты. Я са сваім народам, а народ са мной!” — падкрэсліў каталіцкі іерарх.
Візіт ў Ватыкан супаў з 31-й гадавінай біскупскага пасвячэння, якое Кандрусевічу 20 кастрычніка 1989 года ўдзяліў папа Ян Павел ІІ. „Я пайшоў у базіліку Святога Пятра памаліцца і падзякаваць за 31 год служэння і, вядома, прасіць Бога праз заступніцтва майго апекуна святога Юды Тадэвуша аб вырашэнні гэтай складанай сітуацыі, — распавёў ён. — Я маліўся не толькі ў сваёй інтэнцыі, я — другасная фігура. Я маліўся за Беларусь. Як вядома, крызіс існуе ўжо доўгі час, і мы не ведаем, як з яго выйсці, таму ў гэтым сімвалічным месцы я маліўся за мірнае і хутчэйшае яго вырашэнне. Гэта патрэбна ўсім жыхарам нашай краіны, гэта патрэбна ўсяму свету”.
Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 11 жніўня, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт. 15 жніўня ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і чыноўнікаў з заклікам пачаць „канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян”.
На мітынгу ў сваю падтрымку ў Гродне 22 жніўня Лукашэнка парэкамендаваў духавенству „пасталець і заняцца сваёй справай”, а таксама заявіў, што „цэрквы, касцёлы не для палітыкі”. Ён заклікаў служыцеляў царквы „не ісці за адшчапенцамі”. „Вам будзе сорамна і ганебна за тое, якую вы, некаторыя, пазіцыю займаеце цяпер. І дзяржава з абыякавасцю на гэта глядзець не будзе”, — заявіў Лукашэнка.
31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без растлумачэння прычын, нягледзячы на яго беларускае грамадзянства. Праз два тыдні афіцыйны партал касцёла ў Беларусі са спасылкай на кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Аляксандра Лапо паведаміў, што Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь, бо міліцыя абвясціла яго пашпарт несапраўдным.
Вырашаць праблему з вяртаннем беларускага іерарха на радзіму ў Беларусь 11—14 верасня прыязджаў арцыбіскуп Галахер, аднак перамовы з чыноўнікамі, у тым ліку міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, відавочных вынікаў не далі.
У сярэдзіне верасня начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў журналістам, што ведамства высвятляе моманты, звязаныя з магчымай наяўнасцю ў арцыбіскупа дзейнага замежнага грамадзянства, а таксама са спыненнем ранейшага замежнага грамадзянства пасля натуралізацыі ў Беларусі.
Кандрусевіч, нараджэнец Беларусі, на момант развалу Савецкага Саюза служыў у Расеі, адпаведна, атрымаў расейскае грамадзянства. Неўзабаве пасля прызначэння на Менска-Магілёўскую кафедру ў 2007 годзе каталіцкі іерарх адмовіўся ад расейскага грамадзянства на карысць беларускага.
Цяпер мітрапаліт Менска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі святога Антонія ў Саколцы, якая знаходзіцца прыкладна за 15 км ад беларускай мяжы. Кіраўніцтва касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч ажыццяўляе дыстанцыйна.