Ватыкан: Мы прыхільныя да законных патрабаванняў беларускага народа
Святы пасад працягвае сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі, заявіў журналістам 11 чэрвеня дырэктар прэс-службы Ватыкана — Залы друку Святога пасада Матэа Бруні.
„Святы пасад працягвае ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі і крокамі, якія робяцца рознымі зацікаўленымі суб’ектамі, пры гэтым захоўваючы прыхільнасць дасягненню дэмакратычных і мірных шляхоў рэалізацыі законных патрабаванняў беларускага народа”, — цытуе Бруні афіцыйны партал Ватыкана.
Адзначаецца, што такім чынам кіраўнік Залы друку адрэагаваў на шматлікія просьбы прадстаўнікоў медыя пракаментаваць сітуацыю ў Беларусі.
16 жніўня 2020 года, праз тыдзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і наступных за імі пратэстаў супраць фальсіфікацый і гвалту з боку сілавікоў, папа рымскі Францыск падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на малітве „Анёл Панскі” звярнуў увагу на сітуацыю ў краіне.
„Мае думкі накіроўваю да дарагой Беларусі, — цытаваў пантыфіка партал навінаў Ватыкана. — З вялікай увагай сачу за сітуацыяй, якая склалася пасля выбараў у гэтай краіне. Заклікаю да дыялогу, спынення гвалту, павагі справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў абароне Найсвяцейшай Багародзіцы, Царыцы свету”.
13 верасня пасля штотыднёвай малітвы Angelus Папа Рымскі Францыск заклікаў улады забяспечыць павагу правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў. Пантыфік адзначыў, што „шматлікія народныя дэманстрацыі пратэсту выказваюць усё большы непакой грамадзянскай супольнасці ва ўмовах асабліва крытычных палітычных і сацыяльных сітуацый”. Ён заклікаў дэманстрантаў „мірна выказвацца пра свае праблемы, не паддаючыся спакусе агрэсіі і гвалту”, а дзяржаўныя ўлады „прыслухацца да голасу сваіх суграмадзян і пайсці насустрач іх законным памкненням”.
Каментуючы словы папы рымскага, вікарый Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што папа Францыск у сваёй прамове не называў канкрэтных краін, але, паводле яго слоў, сказанае кіраўніком касцёла „можна ў поўнай меры аднесці да сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, дзе ўжо больш за месяц не спыняюцца мірныя пратэсты, якія збіраюць сотні тысяч удзельнікаў ва ўсёй краіне”.