Ватыкан пакуль не абмяркоўваў з РПЦ візіт Папы Рымскага ў Беларусь



Ватыкан пакуль не абмяркоўваў з кіраўніцтвам Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) пытанне пра візіт Папы Рымскага Францыска ў Беларусь. Такая выснова вынікае з заяў мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка ў Менску. Відэазапіс сустрэчы праваслаўнага іерарха з прадстаўнікамі СМІ апублікаваны на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра на відэасэрвісе YouTube.

„Што да наведвання пантыфікам Беларусі, то гэта пытанне, якое павінны абмяркоўваць кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы і пантыфік, — сказаў праваслаўны іерарх. — Гэта не наш узровень. Гэта нават не ўзровень, можа быць, нейкіх міждзяржаўных адносін. На першым плане гэта царкоўны ўзровень. Як толькі патрыярх абмяркуе гэта ці папа рымскі абмяркуе гэта з патрыярхам, то нам тады дадуць знаць, на якім узроўні гэта знаходзіцца. Мы — паслушнікі, якое б ні было прынята рашэнне, мы будзем выконваць. Але гэта ўзровень патрыярха і папы”.

Згодна з негалосным правілам, якога прытрымліваецца Святы прастол, візіт папы рымскага ў краіну, дзе большасць прадстаўлена не каталіцкім насельніцтвам, магчымы толькі са згоды кіраўніцтва найбольш распаўсюджанай у краіне царквы. У дадзеным выпадку гэта азначае, што пантыфіку для візіту неабходна прынцыповая згода патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, паколькі РПЦ лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй, а большасць веруючых грамадзян — праваслаўныя.

Падчас візіту ў Ватыкан у траўні 2016 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў папу рымскаму Францыску сустрэцца з патрыярхам Кірылам на беларускай тэрыторыі. Незадоўга да гэтага, у лютым, пантыфік сустракаўся з прадстаяцелем РПЦ на Кубе.

Пасля сустрэчы з папам Лукашэнка заявіў: „Я выказаў думку, што пантыфіку час прыехаць у Беларусі і разам з нашым патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі”. Сваю прапанову ён паўтарыў на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы 28 верасня 2017 года ў Менску.

1 лютага гэтага года папа Францыск прыняў у Апостальскім палацы — сваёй афіцыйнай рэзідэнцыі — дэлегацыю беларускіх каталіцкіх біскупаў, якія прыбылі ў Ватыкан з традыцыйным тыднёвым візітам Ad Limina Apostolorum („да апостальскіх парогаў” у перакладзе з латыні). На сустрэчы пантыфік паведаміў, што ў 2018 годзе яго візіт у Беларусь немагчымы, паколькі гадавы графік візітаў ўжо распісаны.

У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё па выніках той сустрэчы кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заявіў, што папа Францыск „вельмі і вельмі хацеў бы прыехаць”.

22—25 верасня гэтага года кіраўнік Святога прастолу наведае Літву, Латвію і Эстонію.

belapan.by