«Вечерний Минск» адмовіўся друкаваць праграму Юрыя Хашчавацкага



Газета «Вечерний Минск» адмовілася друкаваць праграму кандыдата Юрыя Хашчавацкага. Вядомы кінарэжысёр прадстаўляе Аб’яднаную грамадзянскую партыю. У адмове гаворыцца, што тэкст Хашчавацкага не адпавядае патрабаванням артыкулаў 47 і 75 Выбарчага кодэксу. Паводле гэтых артыкулаў, праграма кандыдата не павінна змяшчаць прапаганды вайны, заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў і гэтак далей. Хашчавацкі лічыць, што ў яго праграме няма ніякага парушэння названых нормаў, а дзейную ўладу называе злачыннай.

– Я гэта кажу з поўным усведамленнем, бо няма ніводнай Божай запаведзі, якую б яны не парушылі. І гэта злачынна перад будучым гэтай краіны і кожнага чалавека ў гэтай краіне.

Дадамо, што дзяржаўная прэса таксама адмовілася друкаваць праграмы кандыдатаў Мікалая Уласевіча ў Астраўцы і Ігара Маслоўскага ў Берасці. Тэлевыступ Паўла Стэфановіча не паказалі са згоды Цэнтрвыбаркаму.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by