Венедыктаў: Інтэрв’ю з Лукашэнкам перанесена



Інтэрв’ю галоўнага рэдактара радыёстанцыі „Эхо Москвы” Аляксея Венедыктава з Аляксандрам Лукашэнкам перанесена з 6 снежня на апошнюю дэкаду месяца, паведаміў журналіст 14 снежня ў сваёй праграме „Будзем назіраць”.

„Перанеслі пакуль на апошні тыдзень снежня інтэрв’ю, таму што 20 снежня прэзідэнт Беларусі едзе ў Санкт-Пецярбург, сустракаецца з Пуціным, і яны прымаюць рашэнне па гэтым 31 пратаколе сакрэтным, дарожных картах эканамічных. 23 ужо зроблена, 23 ужо ўзгоднена, засталося восем на 6 снежня. І пасля гэтага, як мне перадалі з Адміністрацыі [прэзідэнта], мяне будуць чакаць у Мінску. Проста па графіку прэзідэнта або 23-га, або 26-га. Але пакуль так. Можа, яшчэ зменіцца”, — сказаў Венедыктаў.

Пытанне аб інтэрв’ю ўзнікла ў сувязі з тым, што, як заявіў Венедыктаў, беларускія распаўсюджвальнікі адмовіліся ўзяць нумар расійскага гістарычнага часопіса „Дылетант”, прысвечаны першым гадам Другой сусветнай вайны, дзе ўтрымліваюцца высновы, якія разыходзяцца з афіцыйнай трактоўкай падзей. „Я паеду, абавязкова завязу Аляксандру Рыгоравічу, яго адміністрацыі гэты нумар”, — заявіў галоўны рэдактар „Эхо Москвы”.

1 снежня ў эфіры праграмы „Будзем назіраць” Венедыктаў паведаміў, што на 6 снежня запланавана яго інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. У той жа час ён не выключыў, што інтэрв’ю можа быць перанесена: „Напружанне па абмеркаванні новай версіі саюзнага дагавора ці, дакладней, дарожных карт, моцна расце. Зараз была кароткая сустрэча ў Кіргізіі ў Пуціна з Лукашэнкам (27—28 лістапада там праходзіў саміт АДКБ.). І яны дамовіліся яшчэ да 8 снежня сустрэцца яшчэ пару разоў, як я разумею. Таму мяне чэсна ўчора вечарам папярэдзілі, што графік можа папаўзці. Так бывае ў прэзідэнтаў. Мы гэта ведаем”.

belapan.by