Венесуэла: сітуацыя ў краіне абвастраецца



Два чалавекі загінулі, яшчэ сотні пацярпелі ў выніку сутыкненняў на мяжы Венесуэлы з Калумбіяй. Так завяршылася спроба венесуэльскай апазіцыі ўвезці ў краіну гуманітарную дапамогу праз мяжу з Калумбіяй.

Да сур’ёзных сутычак у памежнай зоне дайшло пасля таго як венесуэльскія ваеенныя адмовіліся прапусціць грузавікі з гуманітарнай дапамогай.

Вядома таксама пра пацярпелых на мяжы Венесуэлы і Бразіліі, дзе склалася аналагічная сітуацыя. Ваенныя там спрабавалі знішчыць грузавікі, супраць гэтага выступілі грамадскія актывісты. Пасля гэтага супраць грамадзянскіх актывістаў ваенныя ўжылі слёзацечны газ. 

Як расказаў у эфіры тэлеканалу „Глобу” палкоўнік бразільскай арміі Жазэ Жакаўна, венесуэльскія ваенныя таксама прымянілі гумовыя кулі супраць дэманстрантаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Бразіліі.

Лідар апазіцыі Венесуэлы Хуан Гуайда, які абвесціў сябе прэзідэнтам краіны, заклікаў міжнародную супольнасць быць гатовай разгледзець усе варыянты развіцця падзей і развязання крызісу ў дзяржаве.

Хуан Гуайда абвесціў таксама пра амністыю для ваенных, якія вырашаць перайсці на бок народу. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter.

Гуайда выклаў відэа, на якім некалькі венесуэльскіх ваенных прысягаюць яму на вернасць, і адзначыў: „Венесуэльскі салдат, сутнасць паведамлення ясная: рабі тое, што кажа канстытуцыя. Будзе амністыя і гарантыі для тых, хто стане на бок народу.” Раней венесуэльскія ўлады Нікаласа Мадуры прынялі рашэнне закрыць мяжу з Калумбіяй. Акрамя гэтага афіцыйны Каракас скасаваў дыпламатычныя зносіны з гэтай краінай.

Беларускае Радыё Рацыя