Венецыянская камісія: У Беларусі стыхійныя мірныя дэманстрацыі дэ-факта забароненыя
У Беларусі стыхійныя мірныя дэманстрацыі або контрдэманстрацыі дэ-факта забароненыя, негвалтоўныя дэманстрацыі крыміналізаваныя. Пра гэта гаворыцца ў „Заключэннях аб сумяшчальнасці з еўрапейскімі стандартамі некаторых палажэнняў крымінальнага заканадаўства Беларусі, якія выкарыстоўваюцца для пераследу мірных дэманстрантаў і членаў беларускай Каардынацыйнай рады”. Дакумент падрыхтаваны Венецыянскай камісіяй Савета Еўропы.
Як паведамляе прэс-служба СЕ, у снежні 2020 года камітэт па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) запытаў заключэнне Венецыянскай камісіі па гэтым пытанні. З-за пандэміі каронавірусу арганізаваць візіт экспертаў у Менск не ўдалося. Венецыянская камісія спрабавала арганізаваць анлайн-сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, аднак запыты былі адхіленыя.
„Гэтыя заключэнні былі падрыхтаваныя ў кантэксце масавых арыштаў пасля дэманстрацый у Беларусі ў жніўні 2020 года, якія праходзілі ў сувязі з парушэннямі падчас прэзідэнцкіх выбараў, — гаворыцца ў паведамленні. — Венецыянская камісія прааналізавала адпаведныя палажэнні закона аб масавых мерапрыемствах, а таксама адпаведныя палажэнні Крымінальнага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Яна таксама згадвае канстытуцыйна-прававую пазіцыю Канстытуцыйнага суда Беларусі па абароне канстытуцыйнага ладу ад 25 жніўня 2020 года, у якой гаворыцца, што „стварэнне Каардынацыйнай рады, мэтай якой з’яўляецца перагляд вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь спосабам, не прадугледжаным ні Канстытуцыяй, ні выбарчым заканадаўствам, з’яўляецца неканстытуцыйным”.
Венецыянская камісія па-ранейшаму занепакоеная „празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў у Беларусі”. На думку экспертаў, прадугледжаная заканадаўствам краіны працэдура атрымання дазволу на правядзенне мерапрыемства з’яўляецца занадта строгай і складанай, у той час як у адміністрацыйных органаў маецца вялікая свабода па трактоўцы і прымяненні заканадаўства.
Венецыянская камісія пазначыла шэраг праблем, якія выклікаюць непакой: крыміналізацыя мірных дэманстрантаў; выкарыстанне расплывістых паняццяў; крымінальная адказнасць арганізатараў дэманстрацый за дзеянні, якія ставяцца ў віну ўдзельнікам акцый; суровасць і невыразнасць пакаранняў, замацаваных у Крымінальным кодэксе.
У паведамленні нагадваецца, што ў 2012 годзе Венецыянская камісія сумесна з БДІПЧ АБСЕ ўжо выступала з крытыкай беларускага закона аб масавых мерапрыемствах з-за таго, што ў ім не выкананыя прынцыпы права на мірныя сходы. „З таго часу змены ў закон не ўносіліся, таму ключавыя рэкамендацыі застаюцца актуальнымі і сёння, — гаворыцца ў паведамленні. — Да іх адносяцца: забеспячэнне магчымасці ўсім грамадзянам ажыццяўляць сваё права на свабоду сходаў у Беларусі; адмена існуючай сістэмы атрымання дазволу ад дзяржорганаў на правядзенне сходу і ўвядзенне паведамляльнага прынцыпу; перагляд палажэнняў закона, якія абмяжоўваюць, хто можа быць арганізатарам”.
У новых заключэннях утрымліваюцца дадатковыя рэкамендацыі, у прыватнасці аб тым, што ўдзельнікам мірных дэманстрацый не павінна пагражаць крымінальнае пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення або буйнога штрафу.
Акрамя таго, Венецыянская камісія лічыць, што Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае вельмі шырокае прымяненне паняцця „апаганьванне будынкаў або іншых аб’ектаў абразлівымі лозунгамі або малюнкамі”, што цягне пакаранне грамадзян за рэалізацыю імі права на свабоду выказвання думак.
„Калі артыкул 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) сістэматычна і празмерна выкарыстоўваецца для пераследу мірных дэманстрантаў, Венецыянская камісія рэкамендуе яго адмяніць, асабліва з улікам суровых санкцый, прадугледжаных за яго парушэнне, — адзначаецца ў паведамленні. — Артыкул 361 Крымінальнага кодэкса аб публічных закліках да гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу можа прымяняцца насуперак міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, і яго варта перагледзець, каб дазволіць палітычныя дыскусіі і ажыццяўленне свабоды выказвання думак”.
Венецыянскай камісіі таксама вядома, што 1 сакавіка 2021 года ў Беларусі набыла моц новая рэдакцыя Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая ўзмацняе адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і рыхтуецца законапраект аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Венецыянская камісія адзначае, што абодва дакументы могуць „сур’ёзна паўплываць на свабоду сходаў”.
Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) — кансультатыўны орган па канстытуцыйным праве, створаны пры Савеце Еўропы ў 1990 годзе. З 2002 года ўдзельнічаць у працы камісіі могуць краіны, якія не ўваходзяць у СЕ. Беларусь прымае ўдзел у працы Венецыянскай камісіі ў якасці асацыяванага члена.
Фота: kc.gov.by