Веніямін: Пытанне томаса аб аўтакефаліі не актуальнае для БПЦ
Пытанне атрымання томаса — дакумента аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы — не актуальнае для Беларусі, заявіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, патрыяршы экзарх усяе Беларусі ў эфіры праграмы „Тыдзень” на тэлеканале СТВ.
„Гэтае пытанне не актуальнае, і наогул, гэта нешта такое наноснае, прыдуманае, штучнае”, — лічыць Веніямін.
На думку мітрапаліта, з гэтай прычыны трэба „нічога асабліва не прадпрымаць, акрамя як малітвы аб тым, каб Гасподзь захоўваў нашу Беларусь, і клопату пра тое, каб усё-такі яднанне вакол Хрыста — яно дапамагло нам пераадолець падзел выпрабаваннямі, якія ўзніклі ў нашым грамадстве”.
„А разам з тым не дапусціць падзелу па лініі царкоўнай”, — дадаў кіраўнік БПЦ.
Два гады таму томас атрымала ўкраінская праваслаўная царква. 6 студзеня 2019 года ў Стамбуле ў патрыяршым храме святога Георгія ўсяленскі патрыярх Варфаламей уручыў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны прадстаяцелю ПЦУ мітрапаліту Епіфанію.
У томасе гаворыцца, што сусветны патрыярхат прызнае ў межах палітычнай тэрыторыі Украіны кананічна аўтакефальную, самакіравальную праваслаўную царкву. У дакуменце таксама выкладзеныя асноўныя прынцыпы функцыянавання ПЦУ.
Аб’яднаўчы сабор прадстаўнікоў украінскіх праваслаўных цэркваў выбраў у снежні 2020 года мітрапаліта Пераяслаўскага і Белацаркоўскага Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Епіфанія прадстаяцелем адзінай памеснай Праваслаўнай царквы Украіны.