Венядзіктаў: Сечын паехаў у Менск з даручэннем Пуціна



Выканаўчы дырэктар кампаніі „Раснафта” Ігар Сечын адправіўся ў Менск да Аляксандра Лукашэнкі з даручэннем ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, заявіў галоўны рэдактар радыёстанцыі „Эхо Москвы” Аляксей Венядзіктаў, які мае сувязі ў крамлёўскіх кабінетах, у эфіры праграмы свайго СМІ „Асобная думка”  вечарам 18 лютага.

„Напярэдадні Сечын сустракаўся з Пуціным. Гэта азначае, што Сечын атрымаў даручэнне. Мы ведаем, што галоўным публічным пытаннем, аперацыйным пытаннем з`яўляюцца пастаўкі нафты ў Рэспубліку Беларусь. Напярэдадні кіраўнік „Раснафты”, якая пастаўляла летась 50% усёй нафты, што ішла ў Беларусь, сустракаецца з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі, потым садзіцца ў самалёт і ляціць да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Відавочна — даручэнне. Ну відавочна. Ён яму павёз тое, што Пуцін пасля сустрэчы з Лукашэнкам прыняў якое рашэнне. Ён яму прывёз рашэнне Пуціна. І мы сёння-заўтра даведаемся, якое рашэнне Пуціна да Беларусі і нафтавага пытання”, — сказаў Венядзіктаў.

„Ніякага няма Сечына. Гэта можа быць Сечын або Млечын. Каму будзе даручэнне, той з ім і паедзе”, — дадаў галоўны рэдактар „Эха Москвы”.

Акрамя таго, ён чарговым разам паўтарыў, што адным з варыянтаў транзіту ўлады ў Расеі пасля 2024 года было аб`яднанне з Беларуссю. „І мы гэта ўсе добра разумеем, ведаем, і няма чаго тут крывадушнічаць. Гэты варыянт не прайшоў. Ён быў, вядома, больш прыгожым і сімпатычным, такі Крым-2. Імперыя распалася, час раскідваць камяні, час збіраць камяні. Пераадольваем разруху і збіраем народы пад шатамі Масквы. Не ўдалося. Крыўдна. А так усё добра было. Пераходзім да плана 2. А план 1 — пакараем. Тых, хто сарваў план, — пакараем. Публічна. Высечам. Розгамі. За горла возьмем, прыдушым. Высеклі, паказалі, аднак жыць далей неяк трэба”, — заявіў Венядзіктаў, апісваючы логіку Крамля.

„План А (аб`яднанне з Беларуссю. — БелаПАН.) заўсёды ляжыць у папачцы. Папачку адклалі. Трэба будзе — дастанем. Калі прыдушанага выпусцім, пяройдзем да размовы зноў”, — выказаў меркаванне пра развіццё падзей галоўны рэдактар „Эха Москвы”.

Венядзіктаў адмовіўся каментаваць выказванні міністра замежных спраў Украіны Вадзіма Прыстайкі, які ў інтэрв`ю чэшскаму часопісу Respekt не выключыў вайну паміж Расеяй і Беларуссю: „Вось я яшчэ не дарос да таго, каб каментаваць аж самога міністра замежных спраў Украіны. Чаго яны там сабе прыдумляюць, я не гатовы каментаваць. Можа і бомж з вуліцы гэта сказаць”.

„Відавочна, што напружанне (у беларуска-расейскіх адносінах. — БелаПАН.) даволі сур`ёзнае, і што Сечын паехаў з нейкімі прапановамі. Мы можам фантазіяваць, але гэта іншая праграма. А тут я кажу тое, што я ведаю. Сечын павёз нейкія прапановы, давайце пачакаем, якія будуць рэакцыі на прапановы. Па рэакцыі даведаемся, якія прапановы”, — сказаў Венядзіктаў, які 24 снежня мінулага года ў Менску ўзяў амаль двухгадзіннае інтэрв`ю ў Лукашэнкі.

Апошняя публічная сустрэча Пуціна і Сечына адбылася 11 лютага. Як паведаміла ўпраўленне інфармацыйнай палітыкі „Раснафты”, бакі абмеркавалі вынікі працы кампаніі ў 2019 годзе і перспектыўныя праекты.

Перамовы Лукашэнкі і Сечына прайшлі ў Менску 18 лютага. Перад іх пачаткам беларускі кіраўнік заявіў: „”Утойваць няма чаго, хацеў бы абмеркаваць з кіраўніком найбуйнейшай нафтаздабыўной публічнай кампаніі сітуацыю, якая складваецца ў нас ва ўзаемаадносінах, можна сказаць, Беларусі і Расеі па нафце. Я ведаю, што вы ў курсе справы. Але было б няправільным нават не параіцца па асобных пытаннях, як дзейнічаць далей. Ну і як працаваць, у тым ліку і з „Раснафтаю”, таму што летась вы ў Беларусь паставілі палову нафты, якую мы куплялі ў Расеі, перапрацавалі тут у нас, у Беларусі”. „Хацелася б поўнай яснасці. Карыстаючыся тым, што мы даўно ведаем адзін аднаго, вы і падкажаце нешта, і мы зможам дамовіцца ў далейшым нашым супрацоўніцтве”, — сказаў Лукашэнка.

Сечын адзначыў, што з радасцю прыняў запрашэнне Лукашэнкі прыехаць у Менск, як рабіў гэта і раней. „Я вельмі цаню тыя даверныя адносіны, якія існуюць паміж намі, — сказаў ён. — Адказваючы на ваша пытанне, што рабіць далей, Аляксандр Рыгоравіч, трэба працаваць разам, вядома. Мы настроеные канструктыўна. Я рады, што ў мяне ёсць магчымасць гэтую тэму абмеркаваць разам з вамі”.

Упраўленне інфармацыйнай палітыкі „Раснафты” паведаміла паводле вынікаў перамоў Сечына і Лукашэнкі, што „бакі абмяняліся думкамі аб развіцці далейшага супрацоўніцтва ў галіне энергетыкі”. У рэлізе адзначаецца, што „Раснафта” з`яўляецца ключавым пастаўшчыком нафты ў Беларусь. „Аб`ём уласнай здабычы ў рэспубліцы складае прыкладна 1,6 млн тон нафты ў год, аднак на перапрацоўку паступае пераважна расійская сыравіна. У 2019 годзе „Раснафта” паставіла ў Беларусь 8,8 млн тон нафты, што забяспечыла прыблізна 50% імпарту нафты ў краіну”, — падкрэсліваецца ў паведамленні. Акрамя таго, адзначаецца, што „Раснафта” з`яўляецца адным з найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі: кампанія валодае ў краіне 36 АЗС, пяццю нафтабазамі і 21-працэнтнай доляй у Мазырскім НПЗ.

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа