Вераніка Мішчанка: Нам патрэбна сабраць 10 тысяч подпісаў за Мікалая Статкевіча



Вераніка Мішчанка, відэамаркетолаг і сябра Народнай Грамады, распавяла пра тое, якім чынам яна выкарыстоўвае парламенцкую кампанію.

Вераніка Мішчанка на пікеце збірае подпісы за далучэнне да ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, якога вылучыў на прэзідэнцкія выбары-2020 Беларускі Нацыянальны Кангрэс.

Вераніка Мішчанка:  Мы лічым, што выбараў няма, а значыцца ў гэтым цыркавым прадстаўленні ўдзельнічаць не мае сэнсу. Таму асабіста мне гэтыя выбары не патрэбны. Подпісы збіраем за нашага кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, за далучэнне да яго ініцыятыўнай групы на будучыя прэзідэнцкія выбары.

Наша задача – сабраць за гэты месяц 3 тысячы подпісаў і ўжо больш за тысячу сабралі. А пасля гэтага працягнем збор подпісаў ў Інтэрнэце. Увогуле, нам патрэбна сабраць 10 тысяч галасоў.

РР: Ці актыўна людзі падпісваюцца?

Вераніка Мішчанка: У сярэднім за дзень, калі надвор’е добрае, мы збіраем ад 80 да 100 подпісаў.

РР: Але ж у наступным годзе з Мікалая Статкевіча яшчэ не здымуць судзімасць, і яго не зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты.

Вераніка Мішчанка: Па Канстытуцыі ён мае права быць кандыдатам, і мы гэта выкарыстаем. Для гэтага нам і патрэбна 10 тысяч подпісаў, каб Статкевіча ўсё-такі зарэгістравалі.

Акрамя таго, гэтыя 10 тысяч чалавек, якія паставяць подпісы, гэта будзе наша мэтавая аўдыторыя і наш электарат, які можа данесці нашы думкі і задачы яшчэ да 10-20 тысяч людзей. І калі мы назбіраем хаця б 2 адсоткі людзей з актыўнай пазіцыяй, якія гатовы ісці разам з намі, то гэта ўжо дае нейкую надзею на будучыню.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя