Верхаводнік ДНР абвесціў пра стварэнне дзяржавы Малороссия
Кіраўнік самаабвешчанай „Данецкай народнай рэспублікі” Аляксандр Захарчанка абвесціў пра стварэнне новай дзяржавы – Малороссии. Паводле яго слоў дзяржава створана ў межах Украіны (за выняткам Крыма). Сталіцай Малороссии абвешчаны Данецк, а Кіеў застаецца „гісторыка-культурным цэнтрам без статусу сталічнага гораду”.
Па словах Захарчанкі, „пераўладкаванне краіны” дазволіць скончыць вайну ва Ўкраіне. Пры тым, на яго думку, „сама назва Ўкраіна дыскрэдытавала сябе”.
Захарчанка таксама прапанаваў увесці ў новай дзяржаве надзвычайнае становішча на тры гады. На гэты час будзе забаронена дзейнасць палітычных партый, у гэты ж тэрмін павінны быць расследаваны „злачынствы ў Адэсе, на Майдане, у Данбасе”.
Як заявіў журналістам Захарчанка, устанаўленне Малороссии ініцыявалі „прадстаўнікі рэгіёнаў былой Украіны”. Якіх менавіта рэгіёнаў, ён не ўдакладніў. Верхаводнік ДНР заўважыў таксама, што для рэалізацыі праекта патрабуецца падтрымка жыхароў Украіны і міжнароднай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя