Віганд: Пагадненне пра спрашчэнне візавага рэжыму гатовае да падпісання
Тэксты пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму і пра рэадмісію паміж Беларуссю і ЕЗ гатовыя да парафіравання і падпісання, заявіў на брыфінгу 9 снежня ў Менску дырэктар дэпартамента Расеі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд.
Паводле яго слоў, адзінай перашкодай з’яўляецца тое, што дыпламатычныя пашпарты ў Беларусі пакуль не адпавядаюць тым „высокім патрабаванням у сферы бяспекі”, якія павінны прад’яўляцца нароўні са звычайнымі пашпартамі грамадзян Беларусі.
Нагадаем, Беларусь і Еўразвяз працягваюць працу над пагадненнем аб палягчэнні візавага рэжыму ўжо некалькі гадоў.
22 траўня гэтага года пасля саміту Усходняга партнёрства ў Рызе кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам, што пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі не былі парафіраваныя ў рамках форуму не па віне Беларусі.
„Мы працавалі з Еўразвязам над пытаннем заключэння пагадненняў, – сказаў ён. – Гэта была ініцыятыва нашага прэзідэнта. Было праведзена некалькі кансультацый. Мы дастаткова паспяхова прасунуліся па пытаннях заключэння гэтых пагадненняў. І магу сказаць, што фактычна мы знаходзімся блізка да фінальнай стадыі”.
Па словах Макея, беларускі бок па просьбе еўрапейскіх партнёраў нават пачаў працэдуру ўнутранага ўзгаднення гэтых дакументаў для таго, каб узважыць, наколькі яны адпавядаюць нацыянальным інтарэсам.
„Але на нейкім этапе нашы партнёры знайшлі нейкія тэхнічныя зачэпкі, якія не дазволілі нам выйсці на парафіраванне гэтых пагадненняў на гэтым саміце, – адзначыў Макей. – Таму мы працягваем працу над імі, дамовіліся, што эксперты будуць сустракацца. Паверце, гэта абсалютна не па нашай віне”.