Віктар Бабарыка дастаўлены ў папраўчую калонію №1 у Наваполацку



Адвакат Яўген Пыльчанка 16 ліпеня сустрэўся ў калоніі з Віктарам Бабарыкам. Паводле яго слоў, цяпер Бабарыка, як і ўсе, хто прыбывае ў калонію, знаходзіцца ў каранціне, гэта звычайная працэдура. На этапе эксцэсаў не было.

„Віктар Дзмітрыевіч здаровы і адчувае сябе нармальна, усім перадае прывітанне. Адвакаты маюць намер рэгулярна наведваць Віктара Бабарыку, а на днях атрымалі копію прысуду і рыхтуюць наглядную скаргу”, — адзначыў абаронца.

6 ліпеня Бабарыка быў пераведзены з СІЗА КДБ у СІЗА №1, пасля таго як Вярхоўны суд прыгаварыў яго да 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Экс-банкір прызнаны вінаватым у адмыванні сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса), і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК). Бабарыка таксама аштрафаваны на 5 тыс. базавых велічынь (145 тыс. рублёў) і абавязаны выплаціць больш за 46 млн рублёў кампенсацыі за нанесеную шкоду. На працягу пяці гадоў яму забаронена займаць кіруючыя пасады. Віну Бабарыка не прызнаў у поўным аб’ёме.

Пасля абвяшчэння прысуду адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі паведаміў журналістам, што абарона мае намер абскардзіць прысуд у парадку нагляду, а таксама паставіць пытанне аб парушэнні правоў Бабарыкі перад Камітэтам ААН па правах чалавека.

Судовы разбор па справе „Белгазпрамбанка” доўжыўся больш за чатыры з паловай месяцы. Экс-банкір знаходзіцца пад вартай з 18 чэрвеня 2020 года.

У справе восем фігурантаў, сем з якіх абвінавацілі ў атрыманні, а аднаго — у даванні хабару.