Віктар Бабарыка ініцыяваў правядзенне рэферэндуму па змене Канстытуцыі



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ініцыяваў правядзенне агульнарэспубліканскага рэферэндуму па змене Канстытуцыі. Запісаны загадзя відэазварот Бабарыкі яго штаб апублікаваў вечарам 19 чэрвеня ў традыцыйным пятнічным стрыме.

Бабарыка, які зараз змешчаны ў СІЗА КДБ, падзякаваў членам сваёй ініцыятыўнай групы. Ён назваў іх людзьмі, якія ўсяго толькі крыху больш за месяц таму прымусілі яго «паверыць у тое, што Беларусь – гэта не краіна вывучанай бездапаможнасці, а гэта краіна вымушанай бездапаможнасці».

«Так, тут сярод нас няма ўсіх тых амаль 10 тысяч чалавек, якія з самага пачатку падтрымалі мяне ў ініцыятыве вылучацца на пасаду прэзідэнта. Але не гэта самае галоўнае. Самае галоўнае, што вы, усяго толькі 10 тысяч чалавек, зрабілі менш як за месяц неверагодны цуд, а менавіта сабралі 400 тысяч подпісаў за вылучэнне мяне кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь», – сказаў ён.

«Але я хацеў бы сказаць яшчэ адну вельмі важную рэч. Тое, што мы гаварылі на працягу гэтага месяца, што неабходна, як толькі прыйдзе новая ўлада, мяняць існы канстытуцыйны парадак Рэспублікі Беларусь, і казалі пра тое, што павінен рабіць прэзідэнт, пасля вось гэтага месяца, я лічу, што гэта не абавязкова роля прэзідэнта», – адзначыў Бабарыка.

«Я хачу абвясціць новую ініцыятыву – я прапаную правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі і паспрабаваць яе вярнуць, узяўшы за ўзор Канстытуцыю 1994 года. Дзе ўжо было прадугледжанае і абмежаванне прэзідэнцкіх тэрмінаў, і раздзяленне цяперашніх нашых трох галін улады, і самае галоўнае – было права народа на вызначэнне свайго лёсу», – заявіў Бабарыка.

«І я абсалютна ўпэўнены, што раз мы за адзін месяц сабралі 400 тысяч, то ўжо як-небудзь за два месяцы мы здолеем сабраць 450 тысяч людзей, якія гатовыя, незалежна ад таго, хто пераможа 9 жніўня, зрабіць сваю краіну такой, якой яна павінна быць, – краінай, у якой будуць абсалютна адсутнічаць хамства, у якой будзе павага адзін да аднаго і, самае галоўнае, будзе павага да народа», – сказаў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Паводле яго слоў, для рэалізацыі гэтага плана трэба зрабіць усяго толькі некалькі простых крокаў: сфармаваць ініцыятыўную групу больш за 100 чалавек; выразна сфармуляваць тыя змены, якія павінны знайсці адлюстраванне ў пытаннях на рэферэндуме; сабраць неабходныя 450 тысяч подпісаў.

«Я лічу, што гэтая ініцыятыва найярчэйшым чынам пакажа адзінства беларускага народа, яго імкненне да сапраўднага народаўладдзя. Я думаю, незалежна ад таго, хто будзе 9 жніўня абвешчаны пераможцам, да новага года Беларусь будзе з новай Канстытуцыяй», – сказаў Бабарыка.

Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард былі затрыманыя раніцай 18 чэрвеня, калі панеслі здаваць у ЦВК частку подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.

У той жа дзень старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў: «Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна днямі зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў».

Паводле слоў Церцеля, дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў «шэраг крымінальных спраў» на падставе шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры), 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), 210 (крадзеж у асабліва буйным памеры), 209 (махлярства), 430 (атрыманне хабару) і 431 (даванне хабару). Па гэтых справах затрымана «каля 20 чалавек, у тым ліку Бабарыка». «Практычна ўсе затрыманыя супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку пра ролю Бабарыкі як арганізатара і непасрэднага кіраўніка злачынных схем», – дадаў кіраўнік КДК, падкрэсліўшы, што распачынанне крымінальных спраў не мае дачынення да прэзідэнцкіх выбараў.

Сам Бабарыка звязвае тое, што адбываецца, са сваёй палітычнай дзейнасцю. «Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная. Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункта гледжання, відавочна, што яна мае палітычны характар», – сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрвʼю тэлеканалу «Белсат».

19 чэрвеня, на другі дзень пасля затрымання, да Віктара Бабарыкі і яго сына нарэшце былі дапушчаныя адвакаты. Віктар Бабарыка знаходзіцца ў статусе падазраванага, абвінавачанняў яму не выстаўлена, паведаміў БелаПАН адвакат Дзмітрый Лаеўскі. «Толькі што мы з калегам-абаронцам выйшлі з Камітэта дзяржбяспекі. Удалося нарэшце пабачыцца з Віктарам Дзмітрыевічам. Ён бадзёры, чуў пра ўчарашнюю падтрымку (увечары 18 чэрвеня на праспекце Незалежнасці ў Менску прайшла шасцігадзінная акцыя салідарнасці з затрыманымі. – БелаПАН.)», – паведаміў адвакат. Паводле яго слоў, Бабарыка «мае намер адстойваць сваю слушнасць».

19 чэрвеня – апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Сёння раніцай штаб Бабарыкі паведаміў, што ў яго падтрымку сабрана больш за 434 тысячы подпісаў выбарцаў – гэта абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных вылучэнцаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

БелаПАН