Віктар Бабарыка не верыць у фальсіфікацыі падчас выбараў?



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак кажа, што ў беларускім выбарчым працэсе апошнім часам мала што змяняецца.

Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка заявіў, што не верыць у значныя фальсіфікацыі падчас падліку галасоў на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах і ўпэўнены, што такіх маніпуляцый не будзе падчас гэтай кампаніі.

“Не веру, што калі за мяне прагаласуюць 10%, то можна напісаць, што 80%”, – выказаўся банкір.

Алег Гулак: Наколькі я зразумеў, Бабарыка не кажа, што наогул няма фальсіфікацый, але не верыць у маштабныя. Маўляў, калі людзі масава выкажуць падтрымку нейкаму кандыдату, то перарабіць галасы на карысць іншага будзе складана. І ў гэтым ёсць пэўны сэнс. Калі мы ўзгадаем сацыялогію мінулых гадоў, то нават незалежныя сацыёлагі аддавалі перамогу Аляксандру Лукашэнку, хаця і з іншымі лічбамі.

Але наогул казаць, што падчас выбараў няма фальсіфікацый, гэта самападман, які людзі не бачаць. Дарэчы, гэтыя выбары маглі б быць цікавымі для грамадства, калі б беларускія выбаршчыкі мелі права на асэнсаваны выбар. Але ў беларускім выбарчым працэсе апошнім часам мала што змяняецца.

РР: Ці прыедуць у гэтым годзе ў Беларусь міжнародныя назіральнікі?

Алег Гулак: Пакуль рана казаць, ці будуць яны. Ёсць вялікая верагоднасць, што не прыедуць з-за пандэміі ў свеце. Такое рашэнне могуць прыняць, каб не ставіць людзей пад рызыку.

Але ўнутранае назіранне ўжо ідзе, хаця яно і не з’яўляецца моцным інструментам супраць фальсіфікацый і парушэнняў выбарчага закона. Ні суд, ні пракуратура, ні Цэнтрвыбаркам звычайна не прымаюць рашэнняў, якіх патрабуе закон. Таму ўнутранае назіранне за выбарамі будзе мець больш інфармацыйны чыннік.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя