Віктар Бабарыка пра знойдзеныя грошы
Падчас традыцыйнага пятнічнага стрыму вечарам 12 чэрвеня прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі былы кіраўнік „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка пракаментаваў апошнія падзеі, звязаныя з вобшукам у банку і затрыманнем яго сяброў.
Стрым быў прызначаны на 19.00, але пачаўся на чвэрць гадзіны раней. Бабарыка растлумачыў гэта тым, што ён не выключае свайго затрымання. „Ёсць неспакой, што затрыманні працягнуцца, і ў якасці суб’екта гэтых затрыманняў буду я”, — сказаў прэтэндэнт.
Ён паведаміў, што ў падтрымку вылучэння яго кандыдатам у прэзідэнты сабрана ўжо больш за 330 тысяч подпісаў, і сёння іх пачалі здаваць у акруговыя выбарчыя камісіі.
Каментуючы сітуацыю з вобшукамі, затрыманнямі і заявамі Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды, Бабарыка сказаў: „Ёсць станоўчыя моманты, а менавіта тое, што быццам бы, нягледзячы на падзеі, што адбываюцца, было сказана, што мяне ўсё ж такі хочуць бачыць у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Ёсць вялікая надзея, што нашу групу і мяне зарэгіструюць, і мы раскажам усю праўду беларускаму народу аб тым, хто такі Віктар Бабарыка, і пагутарым ужо ў фармаце размовы з усёй краінай”.
„Але ў той жа самы час, — дадаў ён, — раздаюцца іншыя абвінавачванні або сцвярджэнні, што ёсць доказы таго, што я маю дачыненне да злачынства, што я амаль ужо вінаваты, хоць яшчэ не было ніякіх ні дзеянняў, ні тым больш суда. Ужо было сказана, што я саўдзельнік нейкіх злачынстваў”.
Бабарыка падкрэсліў: усе грошы і маёмасць, якія ў яго ёсць, і якія ён „абавязкова будзе дэклараваць”, атрыманыя законным шляхам, і з іх выплачаныя падаходныя падаткі.
„Учора затрымалі і апытвалі трох маіх сяброў. Сёння мы даведаліся, што яны пераведзеныя ў статус падазраваных, — паведаміў Бабарыка. — Я магу дакладна сказаць: калі грошы, пра якія згадваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, знойдзеныя ў маіх сяброў, то я афіцыйна заяўляю — гэта мае грошы”.
„У майго сябра, якога клічуць Дзмітрый, ёсць дэпазіт 100 тысяч еўра, які я яго папрасіў пакласці, таму што я банкір і не прывык захоўваць усё ў адным кошыку. Мне трэба было рэсурсы размяркоўваць, у тым ліку на выпадак непрадбачаных нейкіх дзеянняў”, — распавёў Бабарыка.
„Калі раптам другі аб’ём грошай у сябра, яго імя Уладзімір, выявілі ў памеры 100 тысяч долараў, якія знаходзіліся ў яго ў ячэйцы, — гэта мае грошы. Я яго папрасіў захоўваць гэтыя грошы, — працягнуў Бабарыка. — Калі ў яго ж былі выяўленыя каштоўныя паперы, аблігацыі на прад’яўніка ў суме, вось тут я яшчэ ўдакладню, але, па-мойму, 250 тысяч еўра і 100 тысяч долараў, — гэта мае аблігацыі”.
„Калі падставай для выстаўлення яму абвінавачвання з’яўляюцца менавіта гэтыя сумы і менавіта гэтыя грошы, здымайце гэтыя абвінавачванні — гэта грошы мае. Я іх збіраюся і збіраўся адлюстроўваць у сваёй дэкларацыі, і вельмі спадзяюся на тое, што яны будуць не толькі ў маёй дэкларацыі, а будуць мне вернутыя па заканчэнні тэрміну дэпазіту і пагашэння каштоўных папер”, — падкрэсліў былы банкір.
„Усё астатняе, калі раптам — зліткі золата, карціны — гэта дакладна не тычыцца маіх сяброў, наколькі я іх ведаю. Я кажу пра тое, што яны абсалютна сумленныя, прыстойныя людзі”, — дадаў Бабарыка.
„Я вельмі спадзяюся, што жарсці суцішацца, што ўсё ж такі перамога закона ў Беларусі настане, і ўжо сапраўды яна будзе пасля 9 жніўня (дата прэзідэнцкіх выбараў. — БелаПАН.). Я шчыра ў гэта веру і я спадзяюся, што ў гэта верыце вы ўсе”, — сказаў на заканчэнне прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.
Раніцай 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які каля 20 гадоў узначальваў Віктар Бабарыка, а таксама ў шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.
12 чэрвеня ў Полацку Лукашэнка паведаміў, што КДК правярае „Белгазпрамбанк” па яго даручэнні.
Лукашэнка „прапанаваў задаць адпаведнаму чалавеку пытанне: чаму ён пайшоў у прэзідэнты?”. „Калі смятанка на вусах, не лезь туды. Таму што цябе расхвошча сам народ. Чаго палез? Таму што зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць наручнікі. А ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязнем сумлення. Вось чаму ён пайшоў туды. Але гэта яму не дапаможа”, — падкрэсліў Лукашэнка.
„Крычыць: датычны не датычны, улады націскаюць на кагосьці. Як перад Богам клянуся, што мне гэта цяпер у перадвыбарнай кампаніі не трэба. Таму што будуць крычаць: баіцца кагосьці. Я нікога не баюся! І мне гэтая сітуацыя нявыгадная, але нягоднікаў трэба было спыняць, таму што пачалі хаваць канцы ў ваду. Не атрымалася”, — дадаў Лукашэнка.
„І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой „лукашэнкаўскай дыктатуры” ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабары даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся… Гэта ўсё трэба расказаць беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім”, — заявіў беларускі кіраўнік.
12 чэрвеня новы старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заявіў журналістам, што дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК мае доказы датычнасці Віктара Бабарыкі да супрацьпраўнай дзейнасці.
Ён таксама паведаміў, што распачатыя дзве крымінальныя справы — на падставе ч. 3 арт. 235 КК (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). „Працу па гэтым матэрыяле мы вялі з 2016 года. Накіраваныя запыты ў замежныя дзяржавы. Адказы ў сілу шэрагу прычын мы атрымалі толькі ў снежні 2019 года. Змест адказаў дазволіў актывізаваць правядзенне праверачных і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да групы асоб, якія на сістэматычнай аснове не выплачвалі падаткі ў асабліва буйным памеры і выводзілі атрыманыя сродкі на тэрыторыю замежных юрысдыкцый”, — распавёў кіраўнік КДК.
Паводле слоў Церцеля, па справе затрыманыя 15 чалавек — „гэта топ-менеджары „Белгазпрамбанка” з ліку кіраўнікоў першага звяна і рознага ўзроўню”, а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія цяпер працуюць у разнастайных камерцыйных структурах.