Віктар Бабарыка сустракае 60-годдзе ў палітычным зняволенні ў Беларусі
9-га лістапада сваё 60-годдзе сустракае ў палітычным зняволенні ў Беларусі грамадскі і культурніцкі дзеяч, мецэнат і банкір Віктар Бабарыка. Ён вярнуў у Беларусь працы беларускіх мастакоў Парыжскай школы, спрыяў стварэнню культурніцкіх прастораў і фестываляў. У траўні 2020 года вылучыў сваю кандыдатуру на прэзідэнцтва. У чэрвені таго ж года яго затрымалі і пакаралі 14 гадамі зняволення.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з прадстаўніком каманды палітзняволенага Віктара Бабарыкі Іванам Краўцовым пра тое, дзе і ў якіх умовах сустракае палітзняволены дзеяч свой Дзень народзінаў; хто сапраўды перамог на выбарах 2020 у Беларусі; якімі могуць быць вынікі «справы Віктара Бабарыкі», якая зараз разглядаецца ў Вярхоўным судзе; што можна зрабіць для палітзняволеных наогул зараз; ды хто, калі не Бабарыка, зможа на сёння выкупляць мастацкую спадчыну Беларусі на замежных аўкцыёнах.
РР: 9 лістапада спадар Віктар Бабарыка мусіў сустракаць свой чарговы Дзень народзінаў на свабодзе, але гэтага не здарылася. Дзе ён зараз знаходзіцца і дзе ён, як мяркуеце, будзе сустракаць свой Дзень народзінаў зараз?
Іван Краўцоў: Віктар Бабарыка знаходзіцца без зменаў у выпраўленчай калоніі горада Наваполацка. Больш за тое, наколькі нам вядома, ён цяпер знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу, то бок гэта ўтрыманне, як у турме, не шпацыруе па тэрыторыі. Вось у такіх умовах і без перапіскі ён будзе сустракаць свой Дзень народзінаў. Гэта яго ўжо трэці Дзень народзінаў у зняволенні.
РР: Якім чынам яго наогул можна павіншаваць? Толькі праз адваката ці нейкім яшчэ чынам?
Іван Краўцоў: Вы ведаеце, праблема ж у тым, што адвакат таксама не мае доступу да Віктара Бабарыкі, як і да Марыі Калеснікавай. Сітуацыя так працягваецца ўжо больш за паўгода, таму складана прыдумаць нейкія прамыя шляхі віншавання. Але, як мы ведаем, тыя паштоўкі ці лісты, якія знішчаюцца цэнзарамі, па меншай меры гэта дае ім разуменне таго, што на яго не забыліся. Я думаю, што гэта інфармацыя ўсё адно неяк прасочваецца.
РР: Як, напэўна, і падтрымка людзей. Вось тыя ж замежныя дыпламаты перад пачаткам новага суда над Віктарам Бабарыкам 19 кастрычніка сталі ў шэраг каля будынка суда, зрабілі фотаздымак. Гэта таксама, напэўна, неяк даносіцца і да самога Віктара Бабарыкі, і да суддзяў, і да выканальнікаў гэтых прысудаў?
Іван Краўцоў: Так, я думаю, што тут важны менавіта сімвалізм. Тое, што на Віктара не забываюцца, гэта вельмі важна. І самае галоўнае тое, што людзі памятаюць пра тое, што ён ёсць, і пра тое, што ён чалавек з вельмі вялікім патэнцыялам. І больш за тое – літаральна на днях і Бундэстаг прыняў рэзалюцыю, дзе згадвае Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву. І Еўрапарламент таксама прымаў спецыяльную рэзалюцыю наконт яго здароўя.
Можа, мы і стаміліся ад усіх гэтых рэзалюцый, але з іншага боку гэта, напэўна, адзінае, што могуць людзі, якія аддаленыя ад гэтых падзеяў, яны не знаходзяцца ў Беларусі, гэта псіхалагічная падтрымка.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц