Віктар Бабарыка сустрэўся з гарадзенцамі
На сустрэчу з патэнцыйным кандыдатам ў прэзідэнты Віктарам Бабарыкам у Гародні, якая адбылася ў памяшканні рынку “Карона”, прыйшло амаль тры сотні гарадзенцаў. Сустрэча была вельмі добра арганізаваная. Кожны прыйшоўшы, калі быў без маскі на твары, – атрымліваў яе задарма, а сам кандыдат выступаў на адлегласці ад прысутных у мікрафон.
Віктар Бабарыка закрануў на сустрэчы вялікую колькасць пытанняў. На яго думку, у сёлетніх выбарах вельмі важная самаарганізацыя:
– Зараз вельмі вялікі ўздым грамадзянскай супольнасці. Мы яго бачым рэальна. Вельмі шмат ініцыятыў па самастойным уваходжанні людзей у выбарчыі камісіі, у назіральнікі. І мы гэтую ініцыятыву падтрымліваем. У нас на наступным тыдні пра яе будзе заяўлена афіцыйна. Гэта не наша будзе гісторыя, гэта менавіта самаарганізаваная гісторыя па прынцыпе Covid-19.
Віктар Бабарыка падкрэсліў, што трэба мяняць стаўленне да сябраў выбарчых камісій:
– Мы хочам змяніць стаўленне да сябраў гэтых камісій. Чамусьці да іх заўсёды нейкі негатыў, што яны ўдзельнікі фальсіфікацыі і падману. Мы хочам, каб усе зразумелі, што яны – героі. Бо ад іх залежыць наша будучыня і будучыня іхных дзяцей.
Размова з Віктарам Бабарыкам цягнулася болей за 2 гадзіны, і палітык паабяцаў прыехаць у Гародню пасля рэгістрацыі кандыдатам ў прэзідэнты.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча