Віктар Бабарыка: Ціск яшчэ больш мабілізуе і кансалідуе каманду (абноўлена)



Па словах патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, вобшукі ў «Белгазпрамбанку», кіраўніком якога ён працаваў каля 20 год, а таксама ў шэрагу іншых кампаній і арганізацый, з гэтым банкам звязаных, на планы яго каманды не паўплываюць.

Больш за тое, гэты ціск яшчэ больш мабілізуе і кансалідуе яе:

– Так атрымліваецца, што любыя дзеянні, накіраваныя супраць нас, выклікаюць зваротны эфект. Яны стымулююць людзей галасаваць за змены і патрабаваць гэтых зменаў. Таму мы не збіраемся ўносіць карэктывы, але ёсць падазрэнні, што трэба будзе запрашаць дадаткова валанцёраў, каб справіцца з дадатковым аб’ёмаў падпісных лістоў.

Таксама Віктар Бабарыка ўпэўнены, што атака ўладаў на «Белгазпрамбанк» не паўплывае на рэгістрацыю яго як кандыдата ў прэзідэнты. Трэба заўсёды вельмі ўважліва слухаць тое, што кажуць лідары краіны, – тлумачыць Віктар Бабарыка:

– Лідары краіны сказалі, што па нефармальным прычынам адмовы не будзе. Што гэта азначае? Што ніякіх варыянтаў з пункту гледжання страху адкінуць проста без усялякіх тлумачэнняў, у нас не будзе адмовы. Значыць, я думаю, што ў гэтым у нас усё пройдзе. У нас ёсць і працягвае нарастаць база не проста сабраных подпісаў, а верыфікаваных.

Таму ніякіх варыянтаў для нерэгістрацыі няма, – кажа Віктар Бабарыка. Калі ж гэта ўсё ж адбудзецца, то засведчыць бяссілле і страх улады, якая баіцца выйсці на поле электаральнай барацьбы. Такога не было за ўсе апошнія 26 год, каб адмаўлялі ў рэгістрацыі кандыдату, за якога назбіралі больш за 100 тысяч подпісаў. Калі такая адмова адбудзецца, то гэта абсалютна засведчыць нелегітымнасць выбараў, – адзначыў Віктар Бабарыка.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Па словах патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, у Беларусі пачалі адбывацца дзеянні, якія паказваюць з поўнай яснасцю – прадстаўнкі сённяшняй улады рэальна гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі для недапушчэння ў краіне свабодных выбараў.

Весь цынізм гэтых дзянняў заключаецца ў тым, што яны накіраваныя не на яго, а на яго знаёмых і блізкіх людзей, – падкрэсліў Віктар Бабарыка, выступаючы на экстранай прэсавай канферэнцыі ў Менску пасля вобшукаў у „Белгазпрамбанку”, а таксама шэрагу іншых кампаній, звязаных з гэтым банкам, якімі Бабарыка кіраваў каля 20 гадоў.

– Да таго, што будуць гэтыя дзеянні накіраваныя на мяне, я гатовы. Але цынічна накіроўваць іх на людзей, віна якіх проста ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой я кіраваў, з’яўляюцца маімі сябрамі. Я лічу гэта верхам чалавечай непрыстойнасці. Таму я хацеў бы папрасіць у іх прабачэння і сказаць, што яны на самой справе – лепшыя, з кім мне давялося ў жыцці сустракацца. Гэта тычыцца ў тым ліку і калектыву “Белгазпрамбанка”, яго акцыянераў і кіраўнікоў.

Таксама Віктар Бабарыка звярнуўся да праваахоўных органаў. Па яго словах, ён разумее, што яны фактычна апынуліся ў сітуацыі, калі вымушаны выконваць такія загады ўлады.  „Я прашу іх толькі аб адным – шануйце заканадаўства нашай краіны”, – сказаў Віктар Бабарыка.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: БелаПАН