Віктар Бабарыка віну не прызнае, абарона настойвае на яго невінаватасці



Былы старшыня праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка віну не прызнае, а абарона настойвае на яго невінаватасці і знаёміцца з матэрыяламі справы, паведамляецца на афіцыйным сайце Бабарыкі.

24 лістапада КДБ праінфармаваў, што Бабарыку выстаўленыя абвінавачванні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У сваю чаргу ў паведамленні на сайце Бабарыкі адзначаецца, што пазіцыя экс-банкіра не змянілася: ён не прызнае абвінавачванняў. Увесь гэты час з 18 чэрвеня абарона настойвае на яго невінаватасці і дамагаецца спынення крымінальнага пераследу. Падставаў сумнявацца ў невінаватасці падабароннага ў адвакатаў няма.

„Віктар Бабарыка не прызнаў віну, таму што ён невінаваты. Матывацыя паводзін іншых грамадзян — гэта прадмет для даследавання ў судзе. У сілу падпіскі пра неразгалошванне дадзеных папярэдняга расследавання я ўстрымаюся ад каментавання дзеянняў іншых асоб. Вядома мноства прыкладаў з практыкі, якія кажуць пра тое, што не варта абсалютызаваць значэнне прызнанняў, зробленых кім-небудзь у СІЗА”, — прыводзіць сайт словы адваката Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага.

Паводле слоў адваката, пасля азнаямлення з матэрыяламі справы абарона мае права зноў патрабаваць спынення крымінальнага пераследу.

„Спыніць крымінальны пераслед на гэтай стадыі можа як следчы, так і пракурор, якому справа перадаецца для накіравання ў суд. Таму апярэджваць рашэнне па гэтым пытанні я б не стаў. Асабліва з улікам таго, што абарона ўжо не раз заяўляла пра адсутнасць дастатковых падстаў для крымінальнага пераследу”, — растлумачыў Лаеўскі.

Адзначаецца, што на азнаямленне са справай сыдзе не менш за месяц. Абарона выключае магчымасць правядзення судовага разбору ў гэтым годзе.

Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, які пакінуў банк у маі гэтага года ў сувязі з удзелам у прэзідэнцкіх выбарах, 18 чэрвеня быў затрыманы па абвінавачванні ў арганізацыі супрацьпраўнай дзейнасці ў гады, калі кіраваў банкам. Пры гэтым прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што ў крымінальным пераследзе Бабарыкі няма палітычнай падаплёкі. Сам экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта перакананы ў адваротным.

24 лістапада прэс-служба Камітэта дзяржаўнай бяспекі паведаміла, што Следчым упраўленнем КДБ скончанае папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да топ-менеджараў „Белгазпрамбанка”.

„Арганізатару злачыннай дзейнасці, былому старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк” Віктару Бабарыку, выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 КК Рэспублікі Беларусь, па фактах атрымання хабараў арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі („адмывання”) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры адпаведна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Намеснікам старшыні праўлення банка Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралёту выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК.

Заснавальніку ТАА „Актыўлізінг” Віктару Кабяку выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынства па ч. 2 арт. 431 КК (дача хабару ў буйным памеры).

Крымінальная справа выстаўленая абвінавачаным і іх абаронцам для азнаямлення.

„Усе фігуранты цалкам прызналі сваю віну ў інкрымінаваных ім злачынствах, за выключэннем В.Бабарыкі”, — адзначаецца ў паведамленні КДБ.

belapan.by