Віктар Бабарыка з калоніі: Не будзьце абыякавыя, супраціўляйцеся



Жыхарка Гомеля 26 жніўня атрымала адказ на свой ліст, адпраўлены ў калонію экс-банкіру і былому прэтэндэнту на пасаду прэзідэнта Віктару Бабарыку. Копіяй адказу яна падзялілася з БелаПАН.

„Ваша дапамога для тых, хто цяпер у ізаляцыі, вельмі простая: рабіце згодна з сумленнем. Не адседжвайцеся і не бойцеся казаць праўду. Цяпер многае залежыць ад пасіўнай большасці. Не будзьце абыякавыя. Супраціўляйцеся! І памятайце: будучыня залежыць ад Вас. Канкрэтна ад кожнага чалавека. Удачы Вам! Мы — „Разам”!” — напісаў палітвязень, магчыма, маючы на ўвазе назву партыі, пра стварэнне якой абвясціў у 2020 годзе.

Бабарыка адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі (Віцебская вобласць).

6 ліпеня Вярхоўны суд прыгаварыў экс-кіраўніка „Белгазпрамбанка” да 14 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы вінаватым на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430) і легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235).

Вясной 2020 года Бабарыка заявіў пра прэзідэнцкія амбіцыі. У яго ініцыятыўную групу ўвайшло прыблізна 10 тыс. чалавек. Былы банкір быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года, з таго часу ён у зняволенні, як і яго паплечнікі, у прыватнасці Марыя Калеснікава і Максім Знак.

Фота: FACEBOOK