Віктар Бабарыка заявіў пра неабходнасць стварэння партыі „Вместе”
Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка выступіў са зваротам, у якім заявіў пра неабходнасць стварэння партыі „Вместе”.
„Я ніколі не знаходзіўся ні ў якой партыі і не меркаваў, што такая форма аб’яднання людзей мае права на існаванне ў XXI стагоддзі. Але беларусы паказваюць, што я не меў рацыі. Нам патрэбна партыя. Але партыя не як самамэта, а як найбольш эфектыўны інструмент дасягнення нашай перамогі”, — гаворыцца ў размешчаным на сайце стваранай партыі звароце экс-банкіра.
Паводле слоў Бабарыкі, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, новая партыя павінна забяспечыць вырашэнне наступных задач: паказаць большасць людзей, якая стамілася жыць у атмасферы хлусні, нянавісці і страху; аб’яднаць дзеянні разрозненых самастойных ініцыятыў; забяспечыць працу груп і аб’яднанняў і аднавіць дзейнасць унутры краіны.
У звароце Бабарыка нагадаў, што мінулым летам падчас правядзення перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі „менш чым за тыдзень была сабраная адна з самых вялікіх ініцыятыўных груп у колькасці прыкладна 10 тысяч чалавек, і гэтыя „неверагодна крэатыўныя і ініцыятыўныя людзі забяспечылі фантастычныя вынікі па ўключэнні людзей у барацьбу за лепшую будучую Беларусь”. Таксама ён падкрэсліў, што, нягледзячы на гвалт і падман з боку ўладаў, у жніўні мінулага года беларускі народ „напісаў адну з самых слаўных старонак у барацьбе за нацыю”.
„Нам нельга спыняцца на паўдарозе. Мы павінны менавіта цяпер аб’яднаць свае намаганні і прадэманстраваць адзінства мэты і волі. Не зрабіць гэтага — значыць зноў пусціць у нашы душы раба, якога мы выгналі летась і якога нас прымушалі карміць апошнія 26 гадоў, — заявіў Бабарыка, які прызнаны праваабаронцамі палітвязнем. — Мы абавязаны зрабіць партыю „Вместе”. Павінны дапамагчы адзін аднаму паверыць у сябе, у суседа, у сваю краіну. Нельга пакідаць ракавую пухліну страху і бездапаможнасці нашым дзецям і ўнукам”.
Ён адзначыў, што змяніць сітуацыю ў краіне будзе няпроста з-за рэпрэсій, якія працягваюцца, і ў той жа час заклікаў не забываць, што „менавіта неапраўданая жорсткасць з боку ўлады сведчыць пра яе страх і бяссілле перад уласным народам”.
Упершыню аб стварэнні партыі „Вместе” штаб Бабарыкі абвясціў 31 жніўня 2020 года. Тады сярод мэт і задач, якія ставяцца перад гэтай арганізацыяй, называлася „правядзенне канстытуцыйнай рэформы, праца па ўдасканаленні і паляпшэнні эканомікі Беларусі і пашырэнне магчымасцяў беларусаў праяўляць сваю грамадзянскую ініцыятыву”.
Абвяшчаючы аб стварэнні партыі „Вместе”, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава адзначыла: „Сёння мы фармуем новае, свядомае і адказнае беларускае грамадства. Перад намі з’яўляюцца новыя выклікі і запыты, і на іх неабходна рэагаваць. Краіна знаходзіцца ў палітычным і сацыяльна-эканамічным крызісе, і мы разам ведаем, як з гэтага крызісу выйсці”.
Тады Калеснікава паведаміла, што дакументы на рэгістрацыю партыі „Вместе” будуць пададзеныя найбліжэйшым часам.
29 сакавіка Вярхоўны суд працягнуў разглядаць справу топ-менеджараў „Белгазпрамбанка”, які да сыходу ў палітыку ўзначальваў Бабарыка. Суд пачаўся 17 лютага.
Сама справа была распачатая летам мінулага года, праз месяц пасля таго як Бабарыка абвясціў аб удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе банка прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана прыкладна 4 млн долараў, каштоўныя паперы на 500 тыс. долараў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн долараў. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя.
18 чэрвеня затрымалі Бабарыку. Былому банкіру выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).