Віктар Бабарыка заявіў пра ўдзел у выбарах і пакінуў пасаду



 Віктар Бабарыка, які заявіў пра ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, пакінуў пасаду старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”.

Фота gazetaby.com

„ААТ „Белгазпрамбанк” інфармуе пра выхад Бабарыкі Віктара Дзмітрыевіча са складу праўлення і звальненне яго з пасады старшыні праўлення паводле яго ўласнага жадання”, — паведаміла прэс-служба банка.

12 траўня 56-гадовы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка заявіў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” пра ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года.

„Я не наіўны чалавек і выдатна разумею тыя межавыя ўмовы і правілы гульні, якія сфарміраваныя на гэтым полі ў Беларусі, а самае галоўнае фінальную частку гэтага „дзейства”, якая была сфармуляваная яшчэ ў эпоху Сталіна: няважна, як галасуюць, важна, як лічым”, — напісаў Бабарыка.

„Аднак, ведаючы ўсё гэта, я веру ў абмежаванасць любой неэфектыўнай сістэмы, у магчымасці, якія даюць новыя інструменты на базе сучасных тэхналогій, а самае галоўнае, я вельмі баюся, што гэта апошні шанец хоць нейкіх выбараў у незалежнай Беларусі. І я палічыў для сябе недапушчальным і саромным шкадаваць пра тое, што не паспрабаваў нешта змяніць, апраўдваючы сябе тым, што змяніць нельга нічога”, — растлумачыў сваё рашэнне банкір.

Бабарыка займае крытычную пазіцыю ў адносінах да палітыкі ўладаў. У лютаўскім інтэрв’ю інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by („Белорусские новости”) ён, у прыватнасці, заявіў: „Мы не стварылі эканамічна самастойнай краіны. Уся наша эканамічная палітыка апошняга дваццацігоддзя — гэта палітыка выпрошвання датацый. Спачатку цэнавых, а потым, з ростам цэн на энерганосьбіты — грашовых”.

„Беларусь паводзіць сябе як безнадзейны наркаман, якому патрабуецца ўсё больш моцны наркотык. І мы не хочам лячыцца, мы хочам большую і мацнейшую дозу. А за гэта трэба плаціць. Я не веру ў добраахвотныя змены ў нашай краіне. <…> Я веру толькі ў тое, што ўсё ж такі нам удасца працягваць паміраць, але павольна. А калі хуткасць памірання павялічыцца, гэта будзе вельмі вялікая праблема. У Беларусі ёсць два станы — адсутнасць зменаў і змены да горшага. Няма стану — змены да лепшага. Я ні разу не бачыў, каб цэны ішлі ўніз, адбываўся працяглы рост дабрабыту і якасці жыцця людзей. <…> Мы знаходзімся толькі ў стане памірання: павольнага або хуткага”, — сказаў Бабарыка.

Раней пра сваё вылучэнне заявілі былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Сяргей Чэрачань і іншыя.

Пра няўдзел у кампаніі заявілі Партыя БНФ (з-за адсутнасці зменаў у выбарчым заканадаўстве і пандэміі каранавіруса COVID-19) і Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” (з-за каранавіруса). Адмененая кампанія па абранні адзінага кандыдата ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і руху „За Свабоду” (з-за пандэміі і палітычных рэпрэсій). Адмовіўся ад вылучэння сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец (з-за пандэміі).

belapan.by