Віктар Бабарыка заявіў у судзе пра непрызнанне віны



Экс-банкір і былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка 22 сакавіка заявіў у судзе, што не прызнае віну, паведамляе яго тэлеграм-канал.

Сёння Вярхоўны суд пасля месячнага перапынку аднавіў працэс па справе топ-менеджараў „Белгазпрамбанка”. Перад пасяджэннем адвакат Дзмітрый Лаеўскі адзначыў, што настрой у Бабарыкі выдатны, ён рады бачыць людзей, якія здолелі трапіць у залу.

„Любы рух — нават рух па ходзе крымінальнага працэсу — гэта ўсё ж такі лепш, чым стан нявызначанасці”, — падкрэсліў Лаеўскі.

Журналістам недзяржаўных СМІ зноў не ўдалося трапіць на працэс. Разам з тым прадстаўнікоў дзяржаўных і расейскіх масмедыя ў залу дапусцілі.

Працэс па справе „Белгазпрамбанка”, які да сыходу ў палітыку ўзначальваў Бабарыка, пачаўся 17 лютага ў будынку суда Маскоўскага раёна Менска. Журналістам недзяржаўных СМІ ў акрэдытацыі было адмоўлена, нягледзячы на тое што суд абвешчаны адкрытым. Заяўку БелаПАН на асвятленне працэсу адхілілі без тлумачэння прычын, некаторым медыя адмовілі ў акрэдытацыі з-за „недахопу месцаў”. Вядома, што акрэдытацыю атрымалі шэраг беларускіх дзяржаўных і расейскіх СМІ. Прадстаўнікі недзяржаўных СМІ не змаглі трапіць на папярэдняе пасяджэнне па справе 4 лютага. Будынак суда ў той дзень быў зачынены для наведвальнікаў і акружаны металічнымі агароджамі, вакол дзяжурылі сілавікі.

Да пачатку асноўнага працэсу прэс-служба Вярхоўнага суда паведаміла, што з шасцю абвінавачанымі па справе „заключаныя дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве”. Віктар Бабарыка віну не прызнаў і на здзелку са следствам не пайшоў.

23 лютага стала вядома, што ў судзе абвешчаны перапынак у сувязі з хваробай аднаго з членаў складу суда.

Справа была распачатая летам мінулага года, праз месяц пасля таго як Бабарыка абвясціў аб удзеле ў прэзідэнцкай кампаніі і пакінуў пасаду старшыні праўлення „Белгазпрамбанка”. 11 чэрвеня 2020 года ў галаўным офісе банка прайшоў вобшук, падчас якога было канфіскавана прыкладна 4 млн долараў, каштоўныя паперы на 500 тыс. долараў, золата, аблігацыі, а таксама паўтары сотні карцін з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (фармавалася з 2011 года) коштам прыкладна 20 млн долараў. Большасць членаў праўлення банка былі затрыманыя.

18 чэрвеня затрымалі Бабарыку. Былому банкіру выставілі абвінавачанне на падставе ч. 3 арт. 430 і ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры).

БелаПАН