Віктар Бабарыка знаходзіцца ў статусе падазраванага



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка знаходзіцца ў статусе падазраванага, абвінавачанняў яму не выстаўлена, паведаміў БелаПАН адзін з яго адвакатаў Дзмітрый Лаеўскі.

„Толькі што мы з калегам-абаронцам выйшлі з Камітэта дзяржбяспекі. Атрымалася нарэшце пабачыцца з Віктарам Дзмітрыевічам. Ён бадзёры, чуў пра ўчарашнюю падтрымку”, — адзначыў адвакат.

„Ён абураны незаконнасцю свайго затрымання і адсутнасцю якіх-небудзь для гэтага падстаў, а таксама парушэннем яго права на юрыдычную дапамогу, таму што з моманту затрымання патрабаваў адваката”, — паведаміў Лаеўскі.

Ніякіх следчых дзеянняў да з`яўлення адвакатаў з Бабарыкам не праводзілася, сказаў суразмоўца. „Таму асобныя інфармацыйныя падставы па гэтым пытанні мне не зразумелыя, — заявіў ён. — Прынцыпова Віктар Дзмітрыевіч мае намер адстойваць сваю правату”.

Раніцай 18 чэрвеня Віктар Бабарыка і яго сын, кіраўнік ініцыятыўнай групы Эдуард Бабарыка былі дастаўленыя ў дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, у доме сям`і Бабарыкаў, а таксама ў кватэры Эдуарда і яго дзяўчыны прайшлі вобшукі. Пазней стала вядома, што бацька і сын Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. На працягу ўсяго дня адвакаты не маглі сустрэцца са сваімі кліентамі.

18 чэрвеня на прэс-канферэнцыі для вузкага кола журналістаў старшыня КДК Іван Церцель заявіў, што Віктар Бабарыка „затрыманы ў сувязі з тым, што з`яўляўся непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і літаральна на днях зняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў”.

Тэлеграм-каналы дзяржаўных СМІ, у прыватнасці тэлеканала „Беларусь 1”, сцвярджалі, што „пры затрыманні ні адзін, ні другі прэтэнзій да аператыўнікаў не выстаўлялі, не выстаўляюць і цяпер. Акуратна даюць паказанні”.

11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які Бабарыка ўзначальваў каля 20 гадоў і пакінуў у сувязі з удзелам у прэзідэнцкай кампаніі, а таксама шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.

12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што КДК правярае „Белгазпрамбанк” па яго даручэнні. Пры гэтым ён сцвярджаў, што ніякай палітычнай падаплёкі ў гэтай справе няма.

Сам Бабарыка звязвае тое, што адбываецца, з яго палітычнай дзейнасцю. „Маштабнасць гэтай акцыі беспрэцэдэнтная, — сказаў ён 16 чэрвеня ў інтэрв`ю тэлеканалу „Белсат”. — Яна праводзіцца ў рамках перадвыбарнай кампаніі, і, з майго пункту гледжання, відавочна, што яна носіць палітычны характар”.

belapan.by