Віктар Каралькоў: Працуем, каб аднаўляць беларускае нацыянальнае



Ад жніўня на тэрыторыі Польшчы запрацавала каманда беларускага нацыянальнага медыя WARTA. Інтэрнэт-выданне з аўдыё і відэа зместам мае сваю спецыялізацыю: пашырае нацыянальную палітычную і актуальную аналітыку ў лепшых традыцыях Адраджэння 1990-х гадоў у Беларусі. Самай першай навіной WARTA стаўся матэрыял пра тое, як Уладзімір Зяленскі пасмяротна ўзнагародзіў Эдуарда Лобава ордэнам Мужнасці беларуса. Частым госцем медыя з’яўляецца палітык Зянон Пазьняк.

Фота: horki.info

Пра дзейнасць warta.media мы пагутарылі з прадстаўніком медыя Віктарам Каральковым:

РР: Раскажыце пра warta.media, для чаго яно было створана?

– Праблема ў тым, што ў Беларусі рэжым усё ўзяў за горла. У нас у замежжы ёсць магчымасць, мы можам быць тым голасам, рупарам для беларусаў ад беларусаў. Тое, што там не могуць сказаць, мы модам сказаць. Таму і было створана такое нацыянальна арыентаванае медыя, для пашырэння беларускага кантэнту, нацыянальна-палітычнай аналітыкі, культурніцкіх, асветніцкіх матэрыялаў. У гэтым і сэнс, каб там, дзе знішчаюць беларускае, нам трэба папаўняць, аднаўляць і пашыраць.

РР: Дзе працуе ваша каманда?

– Каманда складаецца з беларускіх патрыётаў, прыхільнікаў беларускага адраджэння. Мы ў Варшаве, у Польшчы. У нас ёсць дапамога валанцёраў у іншых краінах, якія нам дапамагаюць. Беларускі дом нам прадстаўляе памяшканне, каб нейкія першыя крокі зрабіць. У Беларусі акупацыя, вайна, там гэта ўсё немагчыма.

РР: Якая вашая агульная накіраванасць? Каго вы бачыце ў якасці сваёй аўдыторыі?

– Мы адкрытыя для ўсіх нацыянальна-арыентаваных накірункаў, якія ёсць на палітычным полі і не толькі на палітычным. Усё, што звязана з Беларуссю, з яе культурай, з адраджэннем, з вызваленнем у будучым. Мы для ўсяго гэтага адкрытыя. Мы не з’яўляемся часткай нейкай палітычнай сілы. Не сакрэт, што „Вольная Беларусь” нацыянальна арыентаваная, яны прысутнічаюць у нашых матэрыялах, яны ўдзельнічаюць актыўна. Спадзяюся, што іншыя сілы таксама будуць удзельнічаць у нашым медыя-праекце.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя