Віктар Карняенка: Баба з возу – каню лягчэй



Грамадскі актывіст Віктар Карняенка распавёў пра тое, што азначае непрыезд на выбары ў Беларусь Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

Нагадаем, што Парламенцкая асамблея АБСЕ не зможа накіраваць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь з-за эпідэміялагічнай сітуацыі.

Віктар Карняенка: У 2010 годзе Парламенцкая асамблея АБСЕ не даслала ў Беларусь назіральнікаў з-за таго, што палітычны клімат не адпавядаў сапраўдным выбараў, не было свабоды слова, не былі выкананы ўмовы, якія ставіў Захад.

Гэтым разам еўрапейскія назіральнікі не прыедуць з-за пандэміі каронавірусу, а таму, як быццам, тыя рэпрэсіі, што зараз чыняць улады, і ні пры чым. Афіцыйны Менск будзе задаволены. Як кажуць, баба з возу – каню лягчэй Лягчэй будзе ладзіць фальсіфікацыі і не атрымліваць за гэта нейкіх міжнародных ацэнак. Бо міжнародныя назіральнікі не толькі давалі ацэнку выбарам, але і прапаноўвалі, што трэба зрабіць, каб выбары адпавядалі стандартам АБСЕ.

І такія стандарты, якія занатаваны ў Капенгагенскім дакуменце, ёсць, улады хлусяць, калі кажуць, што іх няма.

РР: Некаторыя мяркуюць, што ўладам Беларусі абсалютна да лямпачкі меркаванне назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ…

Віктар Карняенка: Тут трэба казаць не толькі пра непрыезд назіральнікаў, але і ўвогуле пра тое, якім чынам выкарыстоўваюць улады сітуацыю з каронавірусам у сваіх мэтах.

Каронавірус у іх ёсць, калі трэба нешта схаваць ад вачэй грамадскасці, не пусціць адвакатаў у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і журналістаў у прэс-цэнтр у дзень выбараў, забараніць перадачы палітвязням у той жа ЦІП.

Але каронавіруса няма для парадаў, дзяржаўных гулянняў і іншых мерапрыемствах з удзелам кіраўніка Беларусі. Такі вось дваісты падыход.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя