Віктар Карняенка: Чарговы раз пусцяць пыл у вочы



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавядае, ці варта пасля прэзідэнцкай нарады чакаць нейкіх радыкальных зменаў у выбарчым заканадаўстве.

Пакуль не прызначана дата нарады ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях выбарчага заканадаўства, хаця першапачаткова яна была запланавана яшчэ на сакавік. Са слоў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, “ужо было некалькі прапаноў аб прызначэнні нарады, але пакуль тэрміны пераносяцца”.

РР: Ярмошына заявіла, што “ў нашым выкананні 50 на 50 задавальняюцца тыя прапановы, якія выпрацавалі міжнародныя эксперты”. Значыцца, змены ў выбарчым заканадаўстве будуць?

Віктар Карняенка: Зразумела, што прапановы міжнародных экспертаў усе талковыя і да месца, але шмат хто з гэтых людзей лічыць, што Беларусь знаходзіцца ўсё ж у нейкім прававым полі. Там ёсць шэсць прыярытэтных прапаноў, але вельмі шмат і тых, якія істотна не ўплываюць на выбарчы працэс. Думаю, змены магчымы, але гэта датычыцца не прыярытэтных прапаноў, а другасных. Таму Ярмошына праўду кажа: могуць нават не 50 адсоткаў прапаноў міжнародных адсоткаў прыняць, а нават 70. Але сутнасць пры гэтым застанецца нязменнай.

РР: Дэмакратычныя сілы прапаноўвалі абавязковае ўключэнне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў кожнага кандыдата і партый, скарачэнне да двух дзён датэрміновага галасавання, уключэнне нормы, якая гарантуе адкрыты і галосны падлік галасоў, каб кожны чалец камісіі і назіральнік мог бачыць змест кожнага бюлетэня…

Віктар Карняенка: Калі б гэтыя пункты былі ўлічаны, тады можна было б сказаць, што зроблены вялікі крок наперад. А ўсё астатняе – пыл у вочы пра 50 адсоткаў улічаных прапаноў міжнародных экспертаў. Тое, што назіральнікаў паставяць на выбарах у іншае месца, – гэта не змены. Яны ўсё роўна не ўбачаць рэальны падлік галасоў. Тое самае і з датэрміновым галасаваннем. Ярмошына выказалася, што гэтае пытанне не разглядалася. І дадала, што прадстаўнік ад кожнага кандыдата ў кожную камісію таксама ўключаны не будзе. Таму пра якія рэальныя змены сёння можна казаць? Выбары ў Беларусі пераўтварыліся ў бутафорскае мерапрыемства кшталту таго, што было пры Саюзе. А ўсе так званыя змены ў выбарчым заканадаўстве, як мне падаецца, абумоўлены толькі тым, што ўладзе патрэбна лаяльнасць Захаду, а яшчэ больш – заходнія грошы. Каб захаваць нейкую добрую міну, і робяць выгляд, што дэмакратызуюць выбарчае заканадаўства.

РР: Адным словам, вы не верыце, што пасля нарады ў беларускага кіраўніка варта чакаць нейкіх радыкальных зменаў?

Віктар Карняенка: Не веру, бо ідзе гульня з Захадам. Нам жа зараз трэба патлумачыць міжнародным экспертам, што адбываецца насамрэч. А пыла ў вочы нам хапіла і так за апошнія 20 гадоў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя