Віктар Карняенка: Чым далей, тым больш смешна…



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка распавядае, чаму чарговы раз іх не зарэгістравалі, і ці варта надалей рабіць такія спробы.

10 чэрвеня Віктара Карняенку выклікаюць у Вярхоўны суд Беларусі па скарзе на адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “За справядлівыя выбары”.

Віктар Карняенка: Гэта ўжо была нашая трэцяя спроба зарэгістравацца, але чарговы раз атрымалі адмову. Чым далей, тым адмовы больш смешныя. Правялі апытанне ўдзельнікаў сходу заснавальнікаў, усе сказалі, што прысутнічалі на мерапрыемстве. Тым больш, што ёсць відэазапіс. У людзей пыталі: “Вы што стваралі?» І, калі нехта адказваў, што ствараецца “праваабарончае аб’яднанне”, а не “праваабаронча-асветніцкае”, то ўжо лічылася, што такі чалавек не ўдзельнічаў у сходзе. У той жа час, калі мы арэндавалі памяшканне для канферэнцыі, у другой частцы мерапрыемства правялі і рэгістрацыйны сход. І на гэтай падставе ізноў палічылі, што сходу не было. Што больш за ўсё дзіўна – мы некалькі разоў звярталіся да прадстаўнікоў Мінюста, якія займаліся праверкай нашых дакументаў. Спрабавалі высвятліць у чыноўнікаў: “Ці ёсць нейкія прэтэнзіі да нас?” У адказ чулі: “Няма”. Прэтэнзіі былі ў адным – у адмове.

РР: Ці варта наогул было падаваць дакументы на рэгістрацыю, калі вынік зараней вядомы?

Віктар Карняенка: Мы – не летуценнікі, і разумеем, чаму нас не рэгіструюць. Дарэчы, па першай нашай скарзе, калі выкарысталі ўсе ўнутраныя магчымасці, звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН. І ўжо ёсць станоўчае рашэнне, якое патрабуе ад Мінюста зарэгістраваць нашае аб’яднанне. Спрабуем таксама апеляваць да МЗС, каб рашэнне ААН было выканана, хоць і не спадзяемся на станоўчы вынік. Але няхай улада ведае, што мы будзем падаваць дакументы на рэгістрацыю і чацвёрты раз, і пяты, і дзясяты. Няхай усе бачаць, як дзейнічаюць улады. Гэта будзем даводзіць і да еўрапейскіх палітыкаў. Нейкім чынам трэба ж дысцыплінаваць дзяржаўных бюракратаў. Атрымліваецца, што я плачу падаткі, утрымліваю людзей, якія перашкаджаюць мне жыць і дзейнічаць. Таму буду шукаць іншыя механізмы ўздзеяння на тых людзей, а паралельна рабіць спробы ізноў зарэгістравацца. Хоць, паўтаруся, улада з кожным разам усё больш смешна выглядае, адмаўляючы нам у рэгістрацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя