Віктар Карняенка: Фіксуйце факты парушэнняў пры галасаванні на відэа



Пра асаблівасці сёлятняга датэрміновага галасавання падчас прэзідэнцкай кампаніі распавядае сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка.

08677E33-7779-46D1-909A-4A8A27B6BA83_mw1024_s_n

Віктар Карняенка (Фота svaboda.org)

За два дні датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта, 6 і 7 кастрычніка, яўка выбаршчыкаў склала 10,94%, паведаміла Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. З такімі тэмпамі падчас гэтых выбараў на этапе датэрміновага галасавання могуць паставіць нават рэкорд.

Датэрміновае галасаванне будзе доўжыцца да 10 кастрычніка.

Віктар Карняенка: Калі б за ўвесь час датэрміновага галасавання прагаласавала 10-13 адсоткаў, то гэта ўжо была б унушальная лічба. А 11 адсоткаў за два дні – гэта вельмі дзіўна. Бо ў датэрміновых галасаванні прымаюць удзед людзі, у якіх няма магчымасці прагаласаваць у асноўны дзень. Ніхто ніколі не паверыць, што сёняшняя сітуацыя выглядае менавіта так. Мы проста бачым спецыфіку некаторых участкаў, дзе ёсць тыя ж інтэрнаты, як, напрыклад, на ўчастку 42 Савецкага раёна Менску, дзе знаходзіцца інтэрнат фінансава-эканамічнага каледжа. Там у першы дзень датэрміновага галасавання прагаласавала больш за 13 адсоткаў. Відавочна, што тут працуе, як кажуць, дабравольна-прымусовая сістэма. Ёсць сведчанні пра прымус і пэўныя доказы на гэты конт, але пакуль камісіі, на вялікі жаль, робяць гэта беспакаранна.

РР: Некаторыя сябры ўчастковых камісій, з якімі давялося пагутарыць, распавялі, што, маўляў, ёсць шмат заявак ад людзей сталага ўросту, каб да іх са скрынямі для галасавання прыйшлі дадому. На ваш погляд, ці так гэта?

Віктар Карняенка: Людзям няма больш чаго рабіць, як толькі складаць заяўкі на галасаванне? Па папярэдняму досведу нам вядома, калі проста складаюцца спісы пенсіянераў і да іх ідуць па хатам, калі, скажам, да абеду яны самі не прыйшлі на ўчастак. Больш таго! Зафіксаваны выпадкі, калі са скрынямі ходзяць па хатах і прапануюць усім прагаласаваць… Зараз мы аналізуем другі дзень датэрміновага галасавання, але ёсць некалькі ўчасткаў, дзе істотна адрозніваюцца паказчыкі нашых назіральнікаў ад выніковых пратакольных дадзеных па колькасці прагаласаваўшых. Адсюль выснова – любымі спробамі ўлада забяспечвае яўку. Усе дадзеныя мы атрымліваем, апрацоўваем, і яны лягуць у нашу выніковую справаздачу. Бо адміністрацыйны рэсурс часам выкарыстоўваецца вельмі ўжо непрыстойна. І тыя педагогі, якія прымушаюць галасаваць студэнтаў датэрмінова, спасылаючыся на нейкія там патрэбы для гэтага, – гэта не педагогі, а махляры, якіх трэба гнаць і ад выхавання маладога пакалення, і ад выбараў, як мага далей. І некалі яны, безумоўна, панясуць пакаранне. Я хацеў бы яшчэ папрасіць усіх нераўнадушных грамадзян, якія ўбачаць парушэнні падчас выбараў, каб яны фіксавалі гэтыя факты на відэа. Гэта дапаможа ў будучым прыцягнуць да адказнасці тых, хто сёння жартуе з такімі сур’ёзнымі рэчамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя