Віктар Карняенка: Не варта чакаць, што ўлады створаць умовы для перамогі



Грамадскі дзеяч Віктар Карняенка распавёў, чаму ён упершыню за 30 год не ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі.

Віктар Карняенка: Пачынаючы з 1989 года я прымаў удзел у выбарчых кампаніях у рознай якасці – сам вылучаўся кандыдатам, працаваў у межах кампаніі па назіранні за выбарамі. Але зараз поўнасцю ад гэтага адыйшоў. Не бачу сэнсу. Я не раз казаў прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці, што патрэбна “накрыць” назіраннем не некалькі акруг, а ўсе. Мяркую, апазіцыі гэта і сёння па сілах. Толькі такім чынам можна зрабіць высновы па выніках выбараў і нешта прад’явіць уладзе.

Патрэбны доказы фальсіфікацый па ўсё краіне, а не на асобных участках. А фальсіфікацый заўсёды хапала. Напрыклад, неяк назіральніца кампаніі “За справядлівыя выбары” на адным з участкаў сфатаграфавала выніковы пратакол і там за аднаго кандыдата было 300 галасоў. А затым аказалася, што па ўсім раёне за яго менш прагаласавала.

РР: Як вы ацэньваеце ўдзел у парламенцкай кампаніі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, іх актыўнасць?

Віктар Карняенка: Мне не падабаецца, што партыі спаборнічаюць, хто больш вылучыць прэтэндэнтаў, бо найперш трэба звяртаць увагу на якасць кандыдатаў. Насамрэч канкурэнтаздольных прэтэндэнтаў, якія не проста крычаць “улада, прэч”, а прафесійна разбіраюцца ў бюджэце раёна альбо горада ці могуць прааналізаваць памылкі і нешта прапанаваць, такіх адзінкі.

Канкурэнцыя заўсёды была і нікуды не знікне, але лепш было б скласці адзіны спіс, як у Расеі прапанаваў Аляксеей Навальны. Мяркую, гэта было б разумна і правільна. І не трэба казаць, што я буду змагацца за мандат і перамагаць, бо тут сістэма ўсё будзе вырашаць.

Паўтаруся, удзел у кампаніі можна было зладзіць арганізавана. Трэба змагацца не за ўладу, а супраць рэжыму, бо чакаць, што ўлада створыць умовы для перамогі, гэта ўвогуле поўнае глупства.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя